БАЖ адзначыла сваё 30-годдзе святочнай імпрэзай

30-годдзе свайго існавання адзначыла “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Святочная імпрэза ў літоўскай сталіцы Вільні пачалася з канферэнцыі “Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра”.

На пачатку канферэнцыі з вітальным словам выступіў старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, які нагадаў гісторыю станаўлення і развіцця асацыяцыі, прывітаў вызваленых і дэпартаваных 11 верасня журналістаў і згадаў пра тое, што яшчэ 27 палітзняволеных журналістаў засталіся за кратамі ў Беларусі

На канферэнцыі гаварылі і пра тое, што можна зрабіць для беларускай журналістыкі ў выгнанні.

Кажа кіраўнік БАЖ Андрэй Бастунец:

– Мы працягваем працаваць у тых накірунках, з якіх усё і пачыналася. Гэта праваабарончая дзейнасць, гэта акцыі салідарнасці, гэта адукацыйная праграма, гэта маніторынг парушэння правоў журналістаў, наогул парушэння свабоды выказвання. Мы як працавалі, так і працягваем працаваць у гэтым кірунку. І з’яўляемся адной з найбольш вядомых арганізацый такога накірунку дзейнасці.

Паводле прафесара-даследчыка журналістыкі ўніверсітэта Каменскага ў Славакіі Андрэя Рыхтара, ён рады, што беларуская журналістыка ў выгнанні адпавядае прафесійным стандартам.

– Я з радасцю прачытаў, што журналістыка Беларусі ў выгнанні адпавядае стандартам, згодна дакладу Прэс-клуба Беларусі. І, што самае галоўнае, калі беларускія медыя будуць прызнавацца, адно за другім, якаснымі медыя, ёсць шанец на выжыванне, шанец на поўную падтрымку Еўропы і Еўразвязу.

Падчас канферэнцыі прысутныя змаглі пабачыць фотавыставу «Журналісты: бязгучны рэжым», таксама былі агучаныя імёны пераможцаў журналісцкага конкурсу “Вольнае слова”. З невялікай музычна-творчай праграмай выступілі Зміцер Бартосік і Таццяна Карпіловіч.

racyja.com