
Імаверна, яе асудзілі ў крымінальнай справе “Беларускага гаюна”.
Грамадзянку Расіі, якая жыве ў Мазыры – Яраславу Храмчанкову – затрымалі сёлета 23 красавіка разам з іншымі мазырцамі і жыхаром суседняга Ельску. Імаверна, іх схапілі ў крымінальнай справе маніторынгавага каналу “Беларускі Гаюн”. Ён адсочваў дзеянні расійскай акупацыйнай арміі, якая ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі ажыццяўляла ўзброеную агрэсію супраць Украіны.
Яраславе Храмчанковай спачатку выставілі абвінавачванне паводле артыкула 361-4 ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Карнікі трымалі яе ў СІЗА № 3 у Гомелі. 6 чэрвеня праваабарончая супольнасць Беларусі вызнала Яраславу палітычнай зняволенай.
9 верасня ў Гомельскім абласным судзе Яраславе Храмчанковай вынеслі прысуд паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 і артыкуле 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі). Асоба на пасадзе суддзі, якая ажыццявіла рэпрэсію, пакуль высвятляецца. Але ад крыніцы ў судзе праваабаронцы даведаліся вынесены прысуд. Яраславе Храмчанковай прысудзілі тры гады пазбаўлення волі з утрыманнем ва ўмовах агульнага рэжыму.
Гэтая рэпрэсія з’яўляецца парушэннем права Яраславы Храмчанковай на свабоду пошуку, атрымання і распаўсюду інфармацыі, гарантаванага кожнаму артыкулам 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Любое пазбаўленне волі, звязанае з рэалізацыяй права, гарантаванага 19-м артыкулам УДПЧ, згодна з прынцыпамі працоўнай групы ААН у адвольных затрыманнях, з’яўляецца адвольным затрыманнем.
