
Неабходнасць абароны правоў чалавека падкрэсліў прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі, выступаючы 23 верасня ў Нью-Ёрку на Генеральнай асамблеі ААН.
Паводле яго слоў, якія перадае партал tvn24.pl, сярод прыярытэтаў Польшчы застаецца сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі і “іншых краінах усходняга суседства”.
“Мы разглядаем Савет па правах чалавека як галоўны орган па правах чалавека ў сістэме Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, які адыгрывае ключавую ролю ў захаванні стандартаў абароны. Таму Польшча вылучыла сваю кандыдатуру на членства ў Савеце па правах чалавека на 2029–2031 гады”, — адзначыў польскі прэзідэнт.
80-я сесія Генасамблеі ААН праходзіць 23–29 верасня.
Чакаецца, што 25 верасня ў рамках Генасамблеі пройдзе дадатковае мерапрыемства “Час падсправаздачнасці і справядлівасці: вяршэнства закона пад пагрозай у Беларусі”.
22–25 верасня ЗША наведвае беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская. Запланаваны яе ўдзел у мерапрыемствах Генасамблеі ААН.
