Святлана Ціханоўская сустрэлася з новай прадстаўніцай ЕС па правах чалавека Кайсай Олонгрэн

Падчас візіту ў Польшчу для ўдзелу ў Варшаўскім форуме па бяспецы Святлана Ціханоўская сустрэлася з новай прадстаўніцай Еўрапейскага саюза па правах чалавека Кайсай Олонгрэн.

Беларуская лідарка ўжо сустракалася з Кайсай Олонгрэн раней, калі тая была міністаркай абароны Нідэрландаў. На мінулых сустрэчах важнымі тэмамі размоваў была падтрымка Украіны і беларускіх добраахвотнікаў.

Падчас новай сустрэчы Ціханоўская і спецпрадстаўніца ЕС абмеркавалі: 

  • апошнія хвалі вызвалення палітвязняў і магчымасці для іх падтрымкі, а таксама  наступныя крокі па вызваленні закладнікаў рэжыму;
  • крокі па падтрымцы вызваленых палітвязняў, якіх дэпартуюць з Беларусі і якія апынаюцца ў вельмі ўразлівым становішчы;
  • магчымае супрацоўніцтва на пляцоўцы ААН.

Святлана Ціханоўская заклікала: 

  • распрацаваць на ўзроўні ЕС комплекснае рашэнне, якое датычыцца легалізацыі і дапамогі для тых, хто вызвалены з беларускіх турмаў;
  • падтрымаць захаванне абодвух мандатаў ААН па Беларусі: мандата Спецыяльнага дакладчыка і групы незалежных экспертаў. 

Асобна беларуская лідарка распавяла пра:

  • працу Міжнароднага гуманітарнага фонду;
  • дзейнасць Міжнароднай платформы збору доказаў злачынстваў рэжыму і беларускіх праваабаронцаў;
  • ініцыятыву Літвы па прыцягненні рэжыму да адказнасці ў Міжнародным крымінальным судзе;
  • Ініцыятыву беларускіх праваабаронцаў па прыцягненні рэжыму да адказнасці за парушэнні Канвенцыі ААН аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын.

Разам са Святланай Ціханоўскай у сустрэчы ўдзельнічаў яе муж Сяргей, які распавёў пра свой турэмны досвед, як яго вывозілі з краіны, а таксама пра праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы за мяжой. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на сітуацыю з палітвязнямі, якія знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада.

tsikhanouskaya.org