У Варшаве ствараецца перадвіжная выстава, героямі якой стануць беларусы, што сваёй працай ці дзейнасцю робяць унёсак у развіццё Польшчы, якая іх прыняла.

Арганізуе праект Таварыства Беларуская Дыяспара ў Польшчы. Кіраўнік Таварыства Аляксей Дзікавіцкі адзначае:
– Ідэя такая, апошнім часам мы бачым, што ў Польшчы ствараецца, скажам так, крыху непрыязная атмасфера вакол мігрантаў, вакол усіх у прынцыпе мігрантаў. І, на нашу думку, вельмі незаслужана пад раздачу трапляе і беларуская дыяспара. Беларусы, практычна ўсе, цяжка працуюць у Польшчы, плацяць падаткі і робяць немалы ўнёсак у развіццё краіны.
Таварыства заклікае ўсіх беларусаў накіроўваць на мэйл info@sdbp.pl свае прапановы па кандыдатурах герояў выставы. Можна далучыцца да Таварыства і падтрымаць арганізацыю падзеі. Акрамя таго, установа накіравала ў Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі дакумент з апісаннем праблемаў, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Польшчы, і прапанаванымі рашэннямі.

racyja.com,
фота з архіва Аляксея Дзікавіцкага
