Зміцер Фурманаў: Дзякуй за такую рэкламу нашай крамы

Зміцер Фурманаў

“Экстрэмісцкімі матэрыяламі” ўлады Беларусі прызналі сацыяльныя сеткі творчай прасторы і крамы “Кропка” ў Вільні. Там прадаюцца вырабы беларускіх майстроў і майстрыц, а таксама ладзяцца беларускія івенты.

Сітуацыю каментуе ўладальнік “Кропкі” і былы палітвязень Зміцер Фурманаў:

– Гэта было пытаннем часу, таму што мы прадаем вырабы, якія не падабаюцца лукашэнкаўскаму рэжыму і асабіста Лукашэнку, тое, што яны звязаны з Беларуссю, тое што напісана «Жыве Беларусь!» і г.д. Ці паўплывае гэта ў далейшым на наша развіццё? Не. На нас яшчэ падпісаліся людзі, не тое, што адпісаліся. Наадварот, у нас плюс. Таму дзякуй ім за такі піяр. Будзем далей пашырацца.

Нядаўна Зміцер Фурманаў зладзіў акцыю па падтрымцы палітзняволеных, якіх лукашэнкаўскія ўлады прымусова вывезлі ў Літву. Кожны ахвотны змог абраць сабе любую цішотку на выбар бясплатна ў краме “Кропка”.

– У нас ляжыць шмат цішотак, і кожны з палітвязняў мог прыйсці і выбраць сабе. Не рабілі адмыслова, што можаце толькі гэтыя ўзяць, ці тыя. А менавіта можна выбраць любую цішотку з тых, што ў нас ёсць у краме.

Паводле Змітра Фурманава, зараз у іх планах далей развіваць свой бізнес, запусціць сайт крамы, наняць туды прадаўца, каб больш часу самім надаваць творчай прасторы і пераабсталяваць яе новай мэбляй.

racyja.com