
Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў абвясціў новы набор у Школу маладога пісьменніка, якая працуе з 2012 года. Паводле слоў арганізатараў, удзельнікамі могуць быць не толькі маладыя аўтары да 35 гадоў, але і ўсе, хто хоча развіваць свае літаратурныя здольнасці.
Кажа прэс-сакратар Саюза Ціхан Чарнякевіч:
– Можна падавацца ўсім, таму што гэта будуць заняткі ў рэжыме анлайн. Далучаюцца людзі самых розных краін свету. У гэтым годзе ў нас была дзяўчына з Японіі, напрыклад, былі людзі з Бразіліі, з Афрыкі, з Германіі. У асноўным тыя, хто хоча пісаць беларускую літаратуру. І гэта на гэтае накіравана. Складаная даволі праграма, і яна прадугледжана, каб чалавек працаваў.
Праграма Школы ўключае практычныя заняткі, лекцыі і майстар-класы з вядучымі беларускімі літаратарамі, педагогамі і даследчыкамі. Асноўны курс навучання пачнецца 1 лістапада 2025 года і працягнецца да траўня 2026-га, штосуботу.
Заяўкі прымаюцца да 20 кастрычніка на пошту bellit.info@gmail.com. У фармаце адзінага файла ўдзельнікі павінны даслаць уласны твор, матывацыйны ліст і спіс кніг, якія паўплывалі на іх як аўтараў.
