Фундацыя «Хаб „Новая зямля“» прэзентавала 3 снежня ў Беластоку новую беларускую прастору. Гэта месца, паводле арганізатараў, мае стаць супольнай пляцоўкай для розных беларускіх арганізацый, ініцыятыў і актывістаў.
«Гэта пляцоўка будзе на карысць беларусам у Беларусі і на карысць нашай будучай дэмакратычнай Бацькаўшчыны. Тут будуць адбывацца розныя імпрэзы, адукацыйныя і забаўляльныя мерапрыемствы, культурныя і палітычныя, дробныя і маштабныя, мясцовыя і паміж гарадамі і краінамі, для дзяцей і падлеткаў, для сеньёраў і творчых людзей. І гэта ўсё — і не толькі гэта — з задавальненнем будзем рабіць разам», — распавяла на пачатку сустрэчы Надзея Салаўёва, адна з арганізатараў хаба.
Місія хаба — развіццё грамадска-палітычнай актыўнасці, захаванне самаідэнтычнасці беларусаў, якія вымушана пакінулі Беларусь і часова пражываюць у Беластоку, а таксама адбудова нармальнага ладу жыцця беларусаў у выгнанні.
На адкрыццё новай беларускай прасторы сабралася шмат зацікаўленых гэтай ідэяй беларусаў. З прывітальнымі і віншавальнымі словамі выступілі прафесар Алег Латышонак, журналіст Руслан Кулевіч, дэпутат польскага Сейма Роберт Тышкевіч, дзяячка беларускай дыяспары ў Беластоку Кацярына Дзерман, гаспадар гродзенскай крамы «Адметнасць» Сяргей Верамеенка і іншыя. Музыкі Кацярына Ваданосава з дачкой Стэфаніяй і Ігар Палынскі дапоўнілі сустрэчу невялікім канцэртам.
Арганізатары пляцоўкі таксама распавялі, што зараз вядзецца праца над сайтам хаба, дзе будуць з’яўляцца анонсы будучых мерапрыемстваў. Дарэчы, наступнае — заняткі па ёзе — мусіла адбыцца ўжо на наступны дзень. Гэтаксама тут цяпер будзе праводзіцца «Мова нанова» і будзе магчымасць карыстацца хабам як каворкінгам.
Знаходзіцца «Новая зямля» амаль у цэнтры горада, па адрасе Wyszyńskiego 6A.
Дар’я Палынская, budzma.org