Чаму афіцыйны Кіеў асцерагаецца кантактаў з Офісам Ціханоўскай? Ці ёсць перспектывы паляпшэння двухбаковых адносін? Пра гэта «Новы Час» пагаварыў з прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінета па замежных справах Валерыем Кавалеўскім.
— Я ўпэўнены, што існуе перспектыва паляпшэння адносін паміж афіцыйным Кіевам і Офісам Ціханоўскай. Ёсць узаемнае разуменне, што нашы народы павінны быць разам, каб спраўляцца з агульнымі праблемамі, а таксама выбудоўваць новую будучыню: новую сістэму рэгіянальнай бяспекі, новыя адносіны паміж нашымі краінамі. Мы верым, што партнёрства паміж Беларуссю і Украінай павінна быць глыбокім і закранаць розныя сферы жыццядзейнасці, дзяржаўнае кіраванне. У абодвух бакоў ёсць разуменне, што мы да гэтага хочам прыйсці.
Іншая справа, што сёння не самыя спрыяльныя ўмовы для такой размовы. І тут праблема палягае не ў беларускіх дэмакратычных сілах, а ў кантэксце, у якім сёння жыве Украіна — гэта вайна, якая і вызначае яе прыярытэты. Мы будзем паважаць гэтыя прыярытэты.
Канешне, нельга казаць, што зараз кепскія адносіны — яны проста асцярожныя. Не трэба думаць, што ў нас абсалютны нуль кантактаў і дачыненняў ці дыялогу з Украінай: у нас выдатныя адносіны з Вярхоўнай Радай Украіны, мы падтрымліваем кантакты з лінейнымі міністэрствамі (Міністэрства ўнутраных спраў, Дэпартамент міграцыйнай службы, Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі), мы таксама падтрымліваем пастаянныя і трывалыя кантакты з украінскімі дыпламатамі за мяжой, каардынуемся, дзе гэта магчыма і неабходна. Нашы палітычныя пазіцыі вельмі часта супадаюць. А гэта і ёсць патэнцыял для развіцця нашых адносін.
Калі ацэньваць сённяшні стан адносін паміж Украінай і дэмакратычнай Беларуссю, то трэба ацэньваць увесь аб’ём, у самых розных вымярэннях; магчыма, на гэтым этапе сапраўды не стае кантактаў на высокім палітычным узроўні, але праца вядзецца, прычым з досыць неблагімі вынікамі. Мы гатовы выбудоўваць далей тое, што сёння маем, але няварта гараваць з-за таго, чаго няма.
— Афіцыйны Кіеў не падтрымлівае публічных адносінаў ні з Ціханоўскай, ні з Лукашэнкам, хаця з рэжымам непублічныя кантакты існуюць, калі верыць ускосным сведчанням. Кажуць, Украіна асцерагаецца кантактаў з Ціханоўскай, каб не справакаваць Лукашэнку на больш актыўны ўдзел у вайне.
— Так, ёсць намёкі, ёсць здагадкі наконт таго, што абмяркоўваюць ці не абмяркоўваюць украінскія ўлады і рэжым Лукашэнкі, але наўпроставых пацвярджэнняў таму няма. Таму я не стаў бы спекуляваць на гэтую тэму.
Мы разумеем, што зараз Украіне вельмі важна перамагчы ў гэтай вайне, ёй не трэба адкрываць другі, паўночны, фронт. Як бы добра яны ні былі падрыхтаваны да магчымага ўварвання з тэрыторыі Беларусі. Такі сцэнар значна ўскладніць жыццё Украіне, калі гэтая навала зноў прыйдзе з поўначы.
Мы з разуменнем ставімся да пазіцыі Украіны, у нас яна не выклікае нейкай горычы. Прыйдзе час, калі і Украіна будзе гатовая да шчыльных кантактаў, я ўпэўнены, што зацікаўленасць у гэтым ёсць. А мы будзем рыхтавацца да таго моманту, калі здолеем падняць нашы палітычныя адносіны на новы ўзровень.