У Беласток упершыню з вялікім канцэртам завітаў музычны гурт J:Mors

Беластоцкі музычны клуб-паб 6-Ścian 8 сакавіка сустракаў адзін з найбольш вядомых беларускіх гуртоў J:Mors, які ўпершыню завітаў на Падляссе ў поўным складзе. З лідэрам гурта Уладзімірам Пугачам пагутарыў беластоцкі карэспандэнт «Радыё Ўнэт» Уладзімір Лапцэвіч.

— Вы ўжо знаходзіцеся ў Польшчы з красавіка мінулага года, шмат дзе выступалі. Чаму да гэтага часу Беласток заставаўся па-за вашай увагай?

— Зараз канцэрт поўнага складу гурта. Электрычны вялікі шумны канцэрт. Гэта дакладна ўпершыню адбываецца ў Беластоку, калі не лічыць наш удзел у фестывалі «Тутака» мінулым летам. Гэта не зусім Беласток, але даволі блізка. Мы ладзілі канцэрты ў Польшчы, пачынаючы з мінулага лета. Потым рабілі ў лістападзе тур па Польшчы. І ў планах быў, канешне, і Беласток, і, дарэчы, Кракаў, але мы не змаглі па пэўных прычынах зрабіць канцэрты ні ў Кракаве, ні ў Беластоку. І калі тур скончыўся мы запланавалі на наступны год, то бок на 2023 дадаць гэтыя гарады да тура і такім чынам скончыць яго. І вось тыдзень таму мы сыгралі канцэрт у Кракаве, а сёння такі завяршальны канцэрт тура – Беласток.

Апошні канцэрт у Кракаве – вельмі вясёлая і такая адкрытая публіка. Было добра чуваць, што яны сумавалі па беларускай музыцы, па Беларусі наогул. Таму што большасць з нас сумуем па краіне.

— Гэтая туга па Радзіме – як яна ўплывае на творчасць: спрыяе ці тармазіць нешта?

— Да такой эмігранцкай лірыкі справа не дайшла. Я спадзяюся, што не дойдзе. Я спрабую не карыстацца тэрмінам «эміграцыя» зусім. Я гэта называю працоўнай рэлакацыяй, таму што калі з 2020 года не даюць працаваць на Радзіме, мы вымушаны недзе даваць нашы канцэрты, імпрэзы, і мы едзем туды, дзе нас чакаюць. І вось так атрымалася, лёс такім чынам склаўся, праз вайну, праз усё іншае, што большасць беларусаў, тых, хто з’ехаў, жыве менавіта ў Польшчы. І ў асноўным для іх мы іграем канцэрты, з імі мы сумуем разам па Радзіме. Новыя песні, якія зараз з’яўляюцца, канешне, маюць гэтую нотку ўнутры. Я ніколі ў жыцці не мог сабе ўявіць, што буду гэта перажываць. Але гэта рэчаіснасць наша. Жывем далей, працуем, верым у тое, што робім, робім музыку, і веру ў тое, што такім чынам дапаможам адзін аднаму гэта ўсё перажыць.

— Расце ці звужаецца кола вашых прыхільнікаў, калі вы знаходзіцеся за мяжой?

— Зараз няма ніякага сэнсу параўноўваць з тым, што было раней у Беларусі. Параўноўваючы з тым, што ў Беларусі – зараз там у нас нуль канцэртаў. Мы не можам іх зусім ладзіць, мы забаронены гурт. А колькасць людзей, якія жывуць у Варшаве і прыходзяць на нашы канцэрты, – вось гэтая колькасць расце.

— Ці адрозніваюцца вашы ўражанні ад Польшчы, калі вы толькі прыехалі, і цяпер?

— Калі ты трапляеш у незнаёмае асяроддзе, нічога не ведаеш, канешне, гэта такі лёгкі шок, асабліва калі табе 46 год як мне. У цябе ў адной руцэ валізка, у другой – гітара, ты прыехаў… – і што? Пачынаць усё з нуля? Гэта даволі стрэсавая сітуацыя. Але ёсць сябры, ёсць беларуская дыяспара, якая вельмі добразычліва ставіцца да тых, хто толькі прыехаў. Дапамагаюць, тлумачаць. Я адчуў, што палякі вельмі гасцінныя, вельмі добразычлівыя людзі. І вельмі падобная на нашу культура. Таму даволі лёгка адаптавацца ў гэтым сэнсе.

— Якія бліжэйшыя планы на гэты год, можа, на наступны?

— Мы зараз працуем над новым альбомам, мы збіраемся выдаваць новыя песні, і спадзяюся, што да восені будзе новая праграма, з якой мы зноў зробім тур па Польшчы. І паспрабуем адразу ўключыць у гэты тур Беласток.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

radiounet.fm