8 сакавіка ў Віцебск прыбыла галоўная святыня Беларусі — узноўлены крыж Еўфрасінні Полацкай, пішуць «Народныя навіны Віцебска».
Рэліквію сустракалі роўна апоўдні ля Свята-Успенскага сабора. Крыж урачыста ўнеслі ў храм, а затым адслужылі акафіст Сумленнаму і Жыватворнаму Крыжу Гасподняму.
Напрастольны шасціканцовы крыж з кіпарыса з залатымі накладкамі, упрыгожаны каштоўнымі камянямі і жэмчугам, вырабіў для царквы Святога Спаса ў Полацку полацкі майстар-ювелір Лазар Богша ў 1161 годзе па загаду ігуменні жаночага Спаскага манастыра Еўфрасінні.
У часы Другой сусветнай вайны пасля эвакуацыі каштоўнасцей з Магілёва арыгінальны крыж знік пры загадкавых абставінах. Існуюць некалькі гіпотэз, паводле якіх рэліквія можа знаходзіцца ў Расіі ў валоданні РПЦ або ў прыватнай калекцыі ў ЗША. Аднак да гэтага часу яго лёс невядомы.
З аднаўленнем незалежнасці Беларусі ў 1992 годзе было прынята рашэнне аб вырабе копіі нацыянальнай рэлігійнай святыні, якая да таго ж была намалявана на дзяржаўным гербе Пагоня. Працы блаславілі патрыярх Іерусалімскі Дыядор і патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт. Копія крыжа была зроблена ювелірам-эмальерам Мікалаем Кузьмічом з Брэста, у 1997 годзе яе асвяціў мітрапаліт Філарэт. З таго часу крыж пастаянна захоўваецца ў Спаса-Праабражэнскай царкве Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра.
У Віцебску рэліквія ўжо другі раз, упершыню крыж Еўфрасінні Полацкай выстаўляўся ў абласным цэнтры ў Свята-Пакроўскім саборы летам 2010 года.
На гэты раз святыня прабудзе ў Віцебску да 15 сакавіка, пакланіцца ёй можна ў Свята-Успенскім саборы.
Глядзіце яшчэ:
budzma.org паводле viciebsk.cc