Каардынацыйная Рада прадставіла кандыдатаў у бюджэтную камісію

Алесь Міхалевіч

Падчас адкрытага агульнага пасяджэння Каардынацыйнай Рады быў абвешчаны пачатак галасавання за кандыдатаў у склад бюджэтнай камісіі КР.

Сябра КР Алесь Міхалевіч прадставіў кандыдатаў і распавёў пра ролю камісіі ў забеспячэнні фінансавай празрыстасці і эфектыўнага выкарыстання сродкаў выбарнага органа:

– Чатыры чалавекі, гэта я – як старшыня камісіі, Яўген Караулаў – як намеснік старшыні гэта камісіі, з фракцыі «Моладзевы наступ», Павел Марлеўскі – як сябра камісіі, і Сяргей Бяспалаў – сябра камісіі. Ідэя бюджэтнай камісіі абсалютна зразумелая – Каардынацыйная Рада павінна мець свой бюджэт, павінна шукаць і знаходзіць грошы на сваё існаванне. І гэтая камісія перш за ўсё будзе ствараць рэкамендацыі пры фармаванні бюджэту Каардынацыйнай Рады.

Плануецца, што бюджэтная камісія будзе адказваць за распрацоўку і кантроль бюджэтных працэсаў Каардынацыйнай Рады, узаемадзеянне з донарамі і падрыхтоўку фінансавых справаздач. Асноўная сфера камісіі – фінансавае забеспячэнне дзейнасці Сакратарыята КР.

racyja.com