У Мастаўлянах усталявалі шыльды на месцы нараджэння Каліноўскага

5 лістапада ў Мастаўлянах, каля месца размяшчэння сядзібна-паркавага ансамбля Каліноўскіх, былі ўсталяваныя дзве інфармацыйныя шыльды.

Пры мантажы выявілася, што шыльды ўсталёўваюцца непасрэдна на фрагментах, якія верагодна з’яўляюцца часткамі гістарычнага каменнага муру сядзібнага комплексу. Кажа вытворца табліц і ўдзельнік праекта — скульптар Януш Талуць:

-Усталявалі знак, бо тут знаходзіцца фундамент старога муру. Гэта добра, што пастаўлены шыльды, можна прачытаць, даведацца. Калі б не Міхалова і бурмістр Марэк Назарка шыльдаў не было б.

Першая шыльда ля месца нараджэння аднаго з лідараў Студзеньскага паўстання 1863 года на землях былой Рэчы Паспалітай, нацыянальнага героя у Польшчы, Літве і Беларусі, Кастуся Каліноўскага, змяшчае празрыстую выяву сядзібы ў ландшафце, другая — кароткую інфармацыю пра само месца і геаграфічна-гістарычны кантэкст. Урачыстае адкрыццё шыльд запланавана на 22 лістапада.

racyja.com