
У Львове працягвае працу чацвёрты беларуска-ўкраінскі Форум Астрожскіх, які сабраў аналітыкаў, экспертаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці з Беларусі, Украіны і еўрапейскіх краін. Дыскусіі праходзяць ў закрытым фармаце паводле правілаў Chatham House.
Сваімі ўражаннямі ад дыскусіі і вынікамі першага дня падзяліўся ўдзельнік экспертнай панэлі пра інфармацыйнае поле, кіраўнік грамадскай арганізацыі “Цэнтр беларускіх камунікацый” Максім Плешко:
– Распавядаў пра наш кейс з інфармацыйнай работай. Калі ты хочаш, каб паказвалі пра беларуска-ўкраінскую супрацу, то трэба рабіць пэўныя рэчы, пэўныя захады. Такі форум вельмі карысны, таму што, з аднаго боку, ён дае нам магчымасць азірнуцца, падвесці падсумаванне трох-чатырох гадоў працы, і разважаць пра будучыню.
Падсумоўваючы вынікі дыскусіі, Плешко адзначыў, што беларускае інфармацыйнае поле застаецца пад дамінаваннем расейскага ўплыву, што стварае пагрозу не толькі для Беларусі, але і для ўсяго рэгіёну:
– Дынаміка не з’яўляецца пазітыўнай. Калі будзе сітуацыя так далей развівацца, то Беларусь проста ператворыцца ў федэральную акругу Расейскай Федэрацыі, з якімсьці асаблівым статусам. Гэта не патрэбна ні самім беларусам, ні ўкраінцам. Таму мы будзем працаваць і намагацца. Беларусь будзе ўключана ў еўрапейскі кантэкст, у еўрапейскую цывілізацыю.
Форум у Львове працягвае працу і 12 лістапада, абмяркоўваюцца эканамічнае супрацоўніцтва пасля вайны і культурнае дэкаланіяльнае вымярэнне беларуска-ўкраінскіх сувязяў.
