
11 лістапада намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка, узяў удзел ва ўрачыстасцях у Варшаве з нагоды 107-й гадавіны аднаўлення незалежнасці Польшчы па запрашэнні Прэзідэнта Караля Наўроцкага.


Мерапрыемства ўключала змену ганаровай варты каля магілы Невядомага салдата, парад і выступ кіраўніка Польшчы, а ўвечары Латушка сустрэўся з прадстаўнікамі польскага кіраўніцтва і дыпламатычнага корпусу ў прэзідэнцкім палацы:
– Для мяне было вельмі важна прадстаўляць дэмакратычныя сілы падчас урачыстасцяў з нагоды Дня незалежнасці Польшчы, знаходзячыся сярод замежных амбасадараў. З пункту гледжання дыпламатычнага пратаколу, гэта сігнал. Я падзякаваў прэзідэнту Польшчы Каралю Наўроцкаму за тое, што ён падчас выступлення на Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый узгадаў сітуацыю ў Беларусі. Канешне, мы абмяркоўвалі сітуацыю, звязаную з перамовамі з амерыканскага боку па вызваленні палітзняволеных.
У сваім выступе Павел Латушка падкрэсліў, што Польшча з’яўляецца стратэгічным партнёрам дэмакратычнай Беларусі і падзякаваў польскаму грамадству за падтрымку беларусаў у цяжкі гістарычны перыяд. Ён таксама адзначыў надзею, што аднойчы Беларусь стане вольнай і незалежнай, а адносіны паміж двума краінамі будуць трывалымі і сяброўскімі на карысць народаў Беларусі і Польшчы.
racyja.com,
фота АПК
