
17–18 лістапада Святлана Ціханоўская знаходзілася з візітам у Кракаве для ўдзелу ў Open Eyes Economy Summit — адным з найбуйнейшых еўрапейскіх форумаў, прысвечаных эканоміцы каштоўнасцяў, дзе выступіла з прамовай на адкрыцці.
Акрамя таго, падчас візіту беларуская лідарка правяла сустрэчы з мэрам горада Аляксандрам Мішальскім і старшынём гарадской рады Якубам Косэкам, а таксама з прадстаўнікамі беларускай дыяспары і культурніцкіх ініцыятываў.
На перамовах з мэрам і старшынём гарадской рады былі абмеркаваныя асноўныя патрэбы беларусаў, якія жывуць у Кракаве: пытанні легалізацыі і дакументаў, пытанні інтэграцыі і доступу да гарадскіх паслугаў. Гаворка ішла пра магчымасць стварэння беларускамоўных версіяў гарадскіх сайтаў, падтрымку беларускіх культурніцкіх мерапрыемстваў, выдзялення дадатковага памяшкання для дзейнасці беларускіх суполак.
Асобна абмеркавалі ўсталяванне памятных шыльдаў у месцах, звязаных з супольнай беларуска-польскай гісторыяй, і падтрымку беларускіх спартовых і асветніцкіх ініцыятываў — напрыклад, аматарскага футбольнага клуба Polesie United і прадстаўнікоў праекту Фэйрплэй, які займаецца прасоўваннем правоў чалавека праз тэму спорту. Бакі дамовіліся наладзіць пастаянны дыялог паміж гарадскімі ўладамі і беларускімі арганізацыямі.
Ціханоўская таксама прапанавала правесці сумесныя мерапрыемствы ў падтрымку зняволенага журналіста і лаўрэата прэміі Сахарава Анджэя Пачобута, а таксама арганізаваць выставу на базе гарадской рады.
Ціханоўская падзякавала кіраўніцтву горада за падтрымку беларусаў пасля 2020 года і адзначыла, што Кракаў стаў важным цэнтрам рэлакцыі беларускіх ІТ-кампаніяў і грамадскіх ініцыятываў.
У Кракаве жыве адна з найбуйнейшых беларускіх супольнасцяў у Польшчы — яна можа налічваць 10–15 тысячаў чалавек. Ціханоўская сустрэлася з актывістамі і кіраўнікамі беларускіх арганізацыяў, ініцыятараў культурніцкіх і адукацыйных праектаў.
Увечары 17 лістапада адбылася адкрытая сустрэча Святланы Ціханоўскай з беларусамі ў сядзібе Гётэ-Інстытута.
