Вызваленне палітвязняў, ціск на рэжым і мірныя перамовы: што Святлана Ціханоўская абмеркавала з Каяй Калас? 

Падчас візіту ў Брусель Святлана Ціханоўская сустрэлася з вярхоўнай прадстаўніцай Еўрапейскага Саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Каяй Калас. Ключавымі пытаннямі размоваў стала сітуацыя ў Беларусі, міжнародныя намаганні па вызваленні палітвязняў, роля Беларусі ў рэгіянальнай бяспецы і магчымыя перспектывы будучых перамоваў па Украіне.

Асобная ўвага была нададзеная вызваленню палітвязняў і камунікацыі з амерыканскім бокам у межах гуманітарнага трэку. Бакі таксама абмеркавалі падрыхтоўку да наступнага пасяджэння Кансультатыўнай групы ЕС–Беларусь і магчымыя крокі па ўзмацненні ціску на рэжым, калі рэпрэсіі будуць працягвацца.

Падчас сустрэчы Кая Калас падкрэсліла, што Еўрапейскі Саюз выразна адрознівае беларускі народ і рэжым Лукашэнкі, а палітыка ЕС застаецца двухбаковай: ізаляцыя рэжыму і падтрымка беларускага грамадства.

Святлана Ціханоўская падзякавала Каі Калас і Еўрапейскаму Саюзу за паслядоўную пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і за нязменную падтрымку Украіны. Лідарка адзначыла — будучыня еўрапейскай бяспекі непасрэдна залежыць ад таго, ці застанецца Беларусь незалежнай і дэмакратычнай:

«У інтарэсах Еўрасаюза — каб Беларусь была свабоднай, суверэннай і прадказальнай дзяржавай. У інтарэсах беларусаў — каб у выніку любых перамоваў Беларусь не засталася пад кантролем Расіі на гады».

tsikhanouskaya.org