
У Беларусі больш за 23 тысячы населеных пунктаў, і далёка не заўсёды зразумела, як правільна вымаўляецца і пішацца назва таго ці іншага. Каб выправіць сітуацыю, беларусы за мяжой стварылі даведнік bielarus.live, паведаміў у сваім фэйсбуку Ігар Палынскі.
У анлайн-даведніку можна знайсці населеныя пункты Беларусі па-беларуску і па-руску, з націскамі і склонамі; даведацца, дзе яны знаходзяцца; даведацца альтэрнатыўныя варыянты назваў.
У планах стваральнікаў – апісаць паходжанне назваў, пазначыць каардынаты на мапе, а таксама падаць крыніцы інфармацыі. Таксама ў будучым карыстальнікі атрымаюць магчымасць праз сайт дасылаць сваю інфармацыю і заўвагі.
Стваральнікі папярэджваюць, што арыгінальная база досыць старая (уся наяўная інфармацыя зараз – на падставе даведніка Валянціны Лемцюговай, а таксама з граматычнай базы Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі), і па першым часе могуць трапляцца недакладнасці, але яны будуць пакрысе выпраўленыя.
Паводле facebook.com/i.palynski
