
“Беларусь застаецца той краінай, дзе правы чалавека патрабуюць не святкавання, а вяртання”, – кажа праваабаронца “Вясны”, былы палітзняволены Леанід Судаленка. Сёння, 10 снежня, адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека.
Паводле Леаніда Судаленкі, у Беларусі гэта не свята, а хутчэй напамін:
– Таму што справа нават не ў даце і нават не ў календары, а гэта такое своеасаблівае люстэрка, у якім кожны можа бачыць праўду пра тое, што насамрэч адбываецца, І для Беларусі – гэта таксама люстэрка, якое паказвае хутчэй тую боль, вытрымку, надзею, чым нейкае свята, чым нейкія ўрачыстасці. Бо мы ж ведаем, якая сітуацыя ў краіне.
Як зазначае праваабаронца, зараз у Беларусі ў турмах сядзяць тысячы беларусаў і каля 1200 прызнаных палітвязняў:
– Гэта і праваабаронцы, журналісты, валанцёры, студэнты, палітыкі і самыя простыя людзі. Яны пазбаўленыя волі не за злачынствы канкрэтныя, а за тое, што казалі праўду, дапамагалі іншым, не маўчалі перад беззаконнем. І за гэта іх кінулі за краты. І за кратамі знаходзіцца Нобелеўскі лаўрэат прэміі міру Алесь Бяляцкі – чалавек, які ўсё жыццё прысвяціў абароне правоў чалавека.
“На сёння Беларусь з’яўляецца адзінай краінай нават не ў Еўропе, а ва ўсім свеце, якая трымае Нобелеўскага лаўрэата ў турэмнай робе за кратамі”, – канстатуе стан з правамі чалавека ў Беларусі Леанід Судаленка.
