«Беларуская супольнасць Украіны» абяцае падтрымку для беларускіх палітвязняў, дастаўленых ва Украіну

Аляксей Францкевіч. Фота фонду «Вільна Білорусь»

13 снежня былі вызваленыя 123 беларускія палітычныя зняволеныя, большую частку з якіх пасля вызвалення даставілі на тэрыторыю Украіны.

Каментуючы гэтую сітуацыю, кіраўнік грамадскага саюза «Білоруська спільнота України» Аляксей Францкевіч заявіў пра гатоўнасць арганізацыі аказаць усю магчымую дапамогу і падтрымку вызваленым беларусам:

– Мы ведаем, дзе яны знаходзяцца. Ім зараз надаецца медычная дапамога. У панядзелак з імі будуць працаваць адносна патрэб. Адпаведныя органы ўжо ведаюць, што мы гатовы далучыцца, і калі будзе такая патрэба, з намі звяжуцца, і тады будзем ведаць, чым мы можам дапамагчы таму ці іншаму беларускаму палітвязню.

Аляксей Францкевіч асобна падкрэсліў, што прымусовая дастаўка людзей ва Украіну, якая знаходзіцца ў стане вайны, стварае дадатковую пагрозу іх бяспецы:

– Не ведаю, чаму так адбылося. Таму што ўсё ж такі ва Украіне ідзе вайна, і тут няма бяспечных месцаў. Гэта ж умоўнае вызваленне, гэта дэпартацыя. Дэпартаваць ва Украіну, дзе ідзе вайна, такое сабе рашэнне.

ГС «Білоруська спільнота України» заяўляе, што працягне працу па абароне правоў вызваленых палітвязняў і каардынацыі дапамогі ўзаемадзеянні з украінскімі партнёрамі.

racyja.com