На Падляшшы распачынаецца літаратурны семінар ”Бязмежжа”

Літаратурны семінар «Бязмежжа» вяртаецца ў свой ранейшы фармат. 17 снежня, ён пачынае працу ў аграсядзібе «Бора-здруй» у Нараўчанскай гміне на Беласточчыне.

Некалькі апошніх год семінар адбываў у Беластоку, але сёлета семінар зноў накіраваўся бліжэй да Белавежскай пушчы. Беларуская пісьменніца з Падляшша Ганна Кандрацюк лічыць, што «Бязмежжа» на яе лёсаносна паўплывала:

– Я думаю, што “Бязмежжа” падштурхнула мяне да таго, каб быць пісьменніцай. Таму што там ёсць сустрэчы з мэтрамі беларускай літаратуры, з людзьмі, якіх я лічу сваімі духоўнымі настаўнікамі. Гэта дапамагло мне развівацца. Апрача гэтага заўсёды ёсць кантакт з новымі кніжкамі, з навінкамі.

Літаратурны семінар „Бязмежжа” арганізаваны Праграмнай радай тыднёвіка „Ніва” і Беларускім саюзам у Польшчы пры фінансавай падтрымцы Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства і Войта Нараўчанскай гміны.

«Бязмежжа» будзе працаваць тры дні. У праграме: прэзентацыі новых кніг, выступленні гасцей з дакладамі, чытанне вершаў і нават экскурсіі па літаратурных мясцінах Нараўчанскага краю.

racyja.com