Хто і як катаваў пратэстоўцаў на Акрэсціна 9-14 жніўня 2020 года? — расследаванне

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі падрыхтаваў расследаванне «Вы здохнеце тут. Вязні Акрэсціна сведчаць» пра масавыя катаванні, якія адбываліся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў 9-14 жніўня 2020 года, піша «Новы Час».

У грамадскім расследаванні асвятляюцца жахлівыя падрабязнасці выпадкаў масавых катаванняў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў горада Мінска, якія здарыліся 9–14 жніўня 2020 года

Пасля фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта 9 жніўня 2020 года ў Беларусі пачаліся масавыя мірныя пратэсты. Дзеяннямі рэжыму ў адказ стала прымяненне сілавікамі зброі, светла-шумавых гранатаў, слезацечнага газу. Сілавікі масава затрымлівалі і збівалі пратэстоўцаў.

Неапраўданая жорсткасць у дачыненні да мірных дэманстрантаў працягвалася і пасля затрыманняў.

Сярод затрыманых былі не толькі непасрэдныя ўдзельнікі пратэстаў. Сілавікі хапалі і непаўнагадовых, людзей пенсійнага ўзросту, людзей з інваліднасцю, а таксама выпадковых мінакоў.

Затрыманых у горадзе дастаўлялі ў розныя ўстановы ўнутраных справаў. У Мінску асноўным месцам утрымання затрыманых стаў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама, размешчаны па адрасе 1-шы завулак Акрэсціна, 361 (далей — ЦІП).

Сярод жахаў 9-14 жніўня 2020 года самыя кашмарныя падзеі адбываліся ў Цэнтры ізаляцыі парушальнікаў на Акрэсціна. За гэтыя пяць дзён праз ЦІП, разлічаны на 110 чалавек, сілавікі «прагналі» больш за 3000 затрыманых.

Усе затрыманыя траплялі пад прыніжальныя працэдуры пры размяшчэнні ў ЦІП, жорсткае збіццё, утрымліваліся ў нечалавечых умовах у перапоўненых камерах без ежы і вады па двое і болей сутак.

Людзей збівалі пры любой спробе высветліць свой статус, патрабаваць выканання сваіх правоў і медыцынскай дапамогі.

У ноч з 12 на 13 жніўня родныя тых, хто ўтрымліваўся ў ЦІП на Акрэсціна, запісалі гукі бесперапыннага збіцця, што было добра чуваць на вуліцы. На запісах чуваць галасы людзей, якія гучна крычаць ад болю і просяць пра літасць.

Вось што расказвалі сведкі:

— Самае жорсткае – гэта калі я прачнуўся ў гадзіну ночы ад крыкаў людзей. Мужчынаў білі так моцна дубінкамі, што было чуваць хруст костак, крыкі былі такія моцныя, што людзей быццам бы палілі. Дарослыя мужыкі крычалі: «Мама! Дапамажыце! Ратуйце!»

— Адна супрацоўніца папрасіла: «Надзеньце гэтых хлапцоў на вашыя дубінкі». Гэта была мэтанакіраваная атака на людзей. Усе былі максімальна агрэсіўна настроеныя: «Колькі вам плацяць?», «Жывёла!», «Мы вас тут усіх зараз пазабіваем!»

— З мяне зрабілі кола – закінулі з-за спіны, як кола, ногі, рукі і надзелі кайданкі. 30–40 хвілінаў я трымаўся. Страціў прытомнасць. Ну, давялося потым сказаць код ад тэлефона. Самае страшнае — тое, што там былі асабістыя даныя блізкіх.

Расследвальнікі вывучылі 101 гісторыю — больш за 1000 старонак тэксту. Кожны сведка асабіста нахадзіўся на Акрэсціна 9-14 жніўня і прайшоў праз гэта пекла.

На падставе іх аповедаў зроблена правялі грамадзянскае расследаванне: была складзеная храналогія падзей, праведзена апазнанне сілавікоў, якія здзяйснялі злачынствы, ідаецца юрыдычная ацэнка іх дзеянням.

Гэта расследаванне — яшчэ адно дакументальнае сведчаннемзлачынстваў супраць чалавечнасці, зробленых беларускім рэжымам пасля выбараў прэзідэнта ў Рэспубліцы Беларусь у жніўні 2020 года.

Асабліва жахліва, што жорсткія ўмовы ўтрымання ў ЦІП і стаўленне да затрыманых, якія можна прыроўніваць да катаванняў, са жніўня 2020 года па цяперашні час практычна не змяніліся.

novychas.online