
Кіраўнік „Беларускай супольнасці Украіны“ ўвайшоў у склад Экспертнай рады пры Прадстаўніку Упаўнаважанага Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека ў Львоўскай вобласці – пра гэта ён сам паведаміў у сваім Фэйсбуку.
Таксама ён прыняў удзел у выніковым пасяджэнні Экспертнай рады па пытаннях нацыянальных меншасцяў і карэнных народаў за 2025 год пры Прадстаўніку Упаўнаважанага па роўных правах і свабодах, правах нацыянальных меншасцяў, палітычных і рэлігійных поглядах. Там ён выступіў на тэму «Актуальныя выклікі ў вызначэнні і рэалізацыі прававога статусу беларусаў», агучыўшы шэраг сістэмных праблем, з якімі сутыкаюцца беларусы, што пражываюць ва Украіне, і падкрэсліў неабходнасць іх комплекснага і прававога вырашэння.
Аляксей Францкевіч перакананы, што гэтая пляцоўка і падобныя кансультатыўныя органы могуць стаць эфектыўным інструментам для рэальнай абароны правоў і інтарэсаў беларусаў, і што ўжо ў наступным годзе будуць зробленыя канкрэтныя крокі да паляпшэння сітуацыі з прававым статусам беларусаў ва Украіне.
Усіх беларусаў, якія сутыкнуліся з праблемамі прававога статусу або парушэннем сваіх правоў ва Украіне, Аляксей Францкевіч заклікае паведамляць на электронны адрас belaruscentr@gmail.com – інфармацыя і звароты маюць прынцыповае значэнне для сістэмнай працы, будуць афіцыйна агучаныя і выкарыстаныя для далейшай прававой працы.
Паводле facebook.com/lesha.franc
