
Беларусы 13 студзеня адзначаюць разам з літоўцамі Дзень абаронцаў Свабоды Літвы. 35 год таму савецкія войскі з дапамогай танкаў захапілі тэлевежу ў Вільні. У выніку 14 літоўскіх абаронцаў незалежнасці загінулі і каля 700 чалавек было паранена.
Штогод да гэтай памятнай даты ў сталіцы Літвы на выходных праходзіць традыцыйны міжнародны забег павагі «Дарогай жыцця і смерці 2026», а напярэдадні самой даты 12-га студзеня запальваюць вогнішчы і знічы каля вільнюскай тэлевежы і Сейма Літвы, адбываюцца іншыя памятныя мерапрыемствы
Як кажа гісторык і актывіст Алесь Круткін, удзельнік акцый памяці, гэтая падзея, да якой імкнуцца і беларусы, – здабыць сапраўдную свабоду і незалежнасць:
– Літве пашанцавала, што на той момант адчынілася «вакно магчымасці». У беларусаў таксама гэтае «вакно магчымасці» было, але з тым узроўнем нацыянальнай свядомасці добра што мы змаглі здабыць незалежнасць, свой герб і сцяг беларускі, але не хапіла, каб узяць парламент, як гэта было ў літоўцаў. У іх быў свой парламент, свая ўлада, таму яны зараз у добрым становішчы. У нас гэта яшчэ не атрымалася, але трэба браць з іх прыклад.
Паводле старшыні Таварыства беларуска культуры ў Літве Алеся Адамковіча, у падзеях 13 студзеня 1991 года ў Вільні ўдзельнічала шмат беларусаў, 10 з якіх атрымалі ўзнагароды:
– Таксама трэба нагадваць, што не ўсе беларусы лукашысты, не ўсе беларусы камуністы, не ўсе беларусы таксама хацелі жыць у Савецкім Саюзе. А былі звычайныя нармальныя беларусы, якія імкнуліся да свабоды, прагнулі гэтай свабоды, змагаліся за гэтую свабоду, аддавалі свае жыцці за гэтую свабоду. І тады, 13 студзеня, не пабаяліся, выйшлі разам з літоўцамі, каб абараніць літоўскі Сейм і незалежнасць Літвы.






