Ігар (імя героя зменена з нагоды бяспекі) — былы палітвязень. Ён адбыў у ПК-15 некалькі гадоў, вызваліўся па заканчэнні тэрміну і з’ехаў з Беларусі.
Мужчына падзяліўся з “Вясной” інфармацыяй пра ціск на палітвязняў у калоніі, пра тое, як там арганізаваны працоўны і вольны час.
Ціск на палітвязняў
Ігар распавядае, што ў 15-й калоніі палітычных зняволеных сістэмна ізалявалі ад астатніх. Фармальна правілы адрозніваліся ў розных сектарах і атрадах, але на практыцы абмежаванні тычыліся амаль усіх.
“Там усё вельмі моцна адрознівалася ў атрадах і сектарах, у залежнасці ад аператыўніка, — кажа ён. — На некаторых сектарах палітычным забаранялі трэніравацца, выходзіць у спортгарадок.
Бывала, што людзям забаранялі нешта браць у экстрэмістаў і што-небудзь ім даваць — нават цыгарэты або нейкія дробязі. Некаторыя зняволеныя за гэтым сачылі. Пра звычайныя зносіны — чаяванні, гутаркі — я ўжо не кажу. Да мяне, бывала, заляталі зняволеныя, упаўнаважаныя адміністрацыяй сачыць за ўсім, ды проста выганялі людзей. Ім тлумачылі: калі працягнуць са мной размаўляць, сядуць у ШІЗА”.

Паводле словаў героя, абмежаванні тлумачыліся барацьбой са “злоснымі парушальнікамі”, якімі станавіліся ўсе палітвязні.
“Фармальна гэта называлася не ціскам на экстрэмістаў, а захадамі супраць злосных парушальнікаў, — распавядае Ігар. — Хоць на пачатку майго тэрміну калонія была ледзь не казкай: палітычных было мала, загаду “прэсаваць” зверху не было, супрацоўнікі міліцыі не бачылі ніякіх прычын дакопвацца.
Але потым з’явілася масавасць і з’явілася інструкцыя — “прэсаваць”. Ты прыязджаеш, табе адразу знаходзяць парушэнні. У 2022-23 годзе ўжо ў кожным атрадзе было па 20 палітычных пры агульнай колькасці 80-100 чалавек. Гэта значыць прыкладна пятая частка калоніі. Пасля памілаванняў палітвязняў істотна менш не стала: колькі людзей адпускалі дадому — столькі ж саджалі назад”.
Кнігі ды навучанне: татальная забарона
Герой распавядае, што абмежаванні на кнігі ды навучанне сталі асабліва жорсткімі ў апошнія год-паўтара. Пад забарону трапіла не толькі “небяспечная” літаратура, але і адукацыя агулам.
“Апошні год-паўтара гэта быў наогул цырк, — успамінае Ігар. — Пасля пачатку вайны ва Украіне ў нас пачалі спальваць літаратуру расейскіх “замежных агентаў”.
Раней заплюшчваліся вочы на тое, што ў зняволеных ёсць асабістыя бібліятэкі. А ў 24-м годзе адабралі ўсе асабістыя кнігі ў зняволеных, усе звезлі ў бібліятэку, адсартавалі і адсоткаў 70 знішчылі адразу. Кнігі ў бульбяных мяшках вазілі ў кацельню — і спальвалі. Сабралі тры мяхі — ды спалілі.
Вучэбная літаратура была забароненая амаль уся. Засталася толькі мастацкая. Польская мова лічылася варожай — за падручнік цябе чакала цікавая “гутарка”, маглі даць дзесяць сутак у ШІЗА. Англійская яшчэ неяк праходзіла, а польская — не”.
Затое засталіся лекцыі і абавязковы прагляд навін і прапагандысцкіх фільмаў.
“Раней камер было менш, і палова лекцый прапускалася, — распавядае Ігар. — Але паставілі шмат камер — і цяпер начальнік можа ў любы момант праверыць”.
Псіхалагічны ціск і ШІЗА
Герой кажа, што сістэмнага фізічнага гвалту ў адносінах да яго не было, але псіхалагічны ціск быў заўсёды.
У ШІЗА я мог бы і не сядзець. Але я здзяйсняў дзеянні, пра якія разумеў, да чаго прывядуць. Часам проста немагчыма было прамаўчаць. А трымацца дапамагала адсутнасць вольнага часу. Кнігі, спорт, праца. Лепш быць занятым, чым сядзець і ўсё гэта пракручваць”.
“Я не той чалавек, каб распраўляцца са мной фізічна, але я чуў пра такія выпадкі, — распавядае Ігар. — А псіхалагічны ціск быў штодня. Сама турма так пабудаваная, што цябе ўвесь час мусяць даймаць.

Ігар распавядае, што супрацоўнікі калоніі ставіліся да палітвязняў па-рознаму: усё залежала ад чалавека.
“У турме і калоніі дзейнічае жорсткая іерархія: чым слабей ты выглядаеш, тым горш да цябе ставяцца”, — тлумачыць ён.
Медыцына і праца
Ігар адзначае, што медычная дапамога ў калоніі была сімвалічнай.
“Каб пачалі лячыць, пажадана, каб вы былі блізкія да тэрмінальнай стадыі вашага захворвання, — успамінае ён. — Фармальна лекар ёсць, але трапіць да яго складана. Ён можа сысці па сваіх справах перад усёй чаргой. Антыбіётыкі ды абязбольвальныя дадуць, рэнтген зробяць, але далейшага лячэння амаль няма. У лякарню вывозяць толькі ў крытычных выпадках. Памерці не дадуць, але і добра адчуваць сябе — таксама”.
На прамзоне ўсе зняволеныя працуюць цесна адзін да аднаго, гэта павялічвае рызыку інфекцыйных захворванняў. У калоніі было некалькі магчымых месцаў для працы: зварка па метале, чыстка дроту, піларама. Размяркоўваюць альбо па спецыяльнасці, альбо па патрэбах вытворчасці. Ігар працаваў на швейнай вытворчасці.
