Афіцэр запасу з Гомеля Аляксандр Пануца, які ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання войскаў РФ ва Ўкраіну, выступіў з антываенным зваротам да беларускіх вайскоўцаў, распавёў пра чарговы факт ціску на яго сям’ю. Да ягонай цешчы, якая пражывае ў дадзены момант ў кватэры былога вайскоўца, прыходзілі невядомыя ў цывільным, піша homeldays.org.
“Яны былі неверагодна ветлівымі. Тлумачылі, што нам усё даравалі. Маўляў, скажыце дзецям, каб яны вярталіся, вам тут цяжка без іх. Ну, пасядзіць годзік, нічога. Ні ордэра, ні пратакола… Кажуць, прыйшлі пагаварыць. Потым стаялі хвілін 10 на лесвічнай пляцоўцы, тэлефанавалі камусьці, раіліся…”, — распавёў пра акалічнасці дзіўнаватага візіту Аляксандр Пануца.
Былы вайсковец хвалюецца, каб супрацоўнікі органаў “не падкінулі чаго”, каб потым ціснуць на яго праз сваякоў.
Аляксандр Пануца ў шчырасць намераў улады адносна “даравання віны” апанентам улады не верыць. Ён лічыць, што сілавікі хочуць любымі спосабамі арганізаваць паказальныя працэсы над вайскоўцамі, якія выступаюць супраць вайны ва Украіне.
“Я цалкам разумею, што яны спрабуюць выцягнуць мяне ў Беларусь і паказальна пакараць. Больш за тое, я выдатна падыходжу пад смяротнае пакаранне, якое прадугледжана ў нядаўнім законе. Ваенны, хай і ў запасе, 4 “народныя артыкулы” за апазіцыйную дзейнасць, а “здраду радзіме”, як высветлілася, яны могуць “прышыць” і трохгадоваму дзіцяці. Нічога дзіўнага для краіны, дзе чалавек утрымлівае ўладу амаль траціну стагоддзя, і адкрыта кажа, што цяпер не да законаў. Натуральна, вярнуцца на радзіму я не магу, хоць і вельмі хацеў бы, сумую па людзях, прыродзе, блізкім… Але, на жаль, дарогі ў Беларусь мне больш ніколі не будзе, артыкулы, якія мне інкрымінуюць, не маюць тэрміна даўніны”, — падсумоўвае вайсковец.
Аляксандр Пануца — афіцэр запасу з Гомеля, які з’ехаў з Беларусі пасля пратэстаў 2020 года. У лютым 2022 года ягоны зварот да беларускіх вайскоўцаў пачыталі і паглядзелі дзясяткі тысяч чалавек. У верасні 2022 года яго пазбавілі звання разам з дзясяткамі іншых вайскоўцаў, якія не падтрымліваюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі.