
Важнае пытанне, якое цяпер стаіць перад дэмакратычнымі сіламі, – дапамагчы ў атрыманні віз сем’ям вызваленых палітвязняў.
Пра гэта распавёў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінету, кіраўнік Народнага Антыкрызіснага Упраўлення Павел Латушка. Дзеяч адзначыў, што гэтым пытаннем арганізацыі будуць займацца бліжэйшым часам.
– Ёсць некалькі дзясяткаў асобаў, якія плануюць пераехаць на сталае пражыванне ў Польшчы, каб аб’яднацца са сваімі сем’ямі. Зразумела, што яшчэ больш асобаў блізкіх, родных, якія хацелі б наведаць былых палітзняволеных, што гадамі знаходзіліся за кратамі. Што тычыцца пытанняў легалізацыі, мы ведаем, што шмат грамадзянаў і Беларусі і перадусім Украіны зараз знаходзяцца ў працэсе рашэння пытання легалізацыі ў Польшчы, таму вялікая чарга. Але польскі бок папярэдне гатовы разглядаць магчымасць у рамках дзеючага заканадаўства. Я спадзяюся, што тут будзе прыхільнасць.
Нагадаем, 13 снежня былі вызваленыя 123 палітвязні. Большасць з іх застаецца ў Польшчы.
