Дарафей Фіёнік: Медаль Падляшскага ваяводства — падсумаванне маёй 40-гадовай дзейнасці

15 студзеня ў Беластоку, падчас урачыстасцяў з нагоды 20-й гадавіны Закона аб нацыянальных і этнічных меншасцях і рэгіянальнай мове, культурніцкі дзеяч Падляшша і кіраўнік музея «Малой бацькаўшчыны» ў Студзіводах Дарафей Фіёнік атрымаў ганаровы медаль Падляшскага ваяводства.

Як адзначыў лаўрэат, для яго гэтая ўзнагарода стала сімвалічным падсумаваннем чатырох дзесяцігоддзяў дзейнасці на Падляшшы:

– Гэты медаль павешу ў музеі. Добра пачаўся год. Гэты год у нас юбілейны, бо музей “Малой бацькаўшчыны” ў Студзіводах як раз адзначае ў 2026 годзе 40 гадоў ад з’яўлення ідэі ў 1986-ым. Тады ўзнікла думка ў 18-гадовага вучня гаспадарчага тэхнікума ў Бельску адкрыць музей у доме сваіх прадзедаў, які дастаўся да мяне ў спадчыну. Падумаў, зраблю сабе музей. І так зрабіў.

Урачыстасці ў Беластоку сталі нагодай не толькі для ўшанавання асобных дзеячаў, але і для шырэйшай размовы пра ролю нацыянальных і этнічных меншасцяў у Падляшскім ваяводстве. Падчас мерапрыемстваў гучалі выступленні прадстаўнікоў уладаў і грамадскіх арганізацый, адбыўся дыскусійны панэль пра значэнне, гісторыю і перспектывы дзеяння закона, які ўжо два дзесяцігоддзі застаецца адным з ключавых інструментаў абароны культурнай і моўнай разнастайнасці ў Польшчы.

racyja.com,
фота UMWP