У Вільні адбылася сустрэча з Міколам Дзядком

У Вільні 15 студзеня ў творчай прасторы Zołak адбылася сустрэча з анархістам, палітычным аналітыкам і былым палітвязнем Міколам Дзядком.

На сустрэчы ў фармаце вольнай размовы спадар Мікола дзяліўся думкамі і асабістым досведам пра тое, як перажыць цёмныя часы і што рабіць кожнаму беларусу, каб паскорыць перамены.

Як кажа Мікола Дзядок, галоўнае ўсім беларусам захаваць сваё ментальнае здароўе:

– Я разумею гэтых людзей у Беларусі. Цудоўна разумею, у якой атмасферы яны жывуць. Але як бы не было цяжка заўсёды застаецца нейкае вакенца для стасункаў, для чалавечых размоваў, для ўзаемнай падтрымкі, ну і, канешне, для штодзённай працы над сабой, па нашых беларускіх, па хрысціянскіх каштоўнасцях паляпшаць сябе для таго каб, калі прыйдзе момант пераменаў, мы былі б лепшымі, чым 10 год таму.

Таксама Мікола Дзядок выказаўся пра тое, якога палітыка ён лічыць маральным лідарам беларусаў і каго б падтрымаў падчас зменаў у краіне:

– Я лічу, што нацыянальны лідар Беларусі на сённяшні дзень – гэта Святлана Ціханоўская. Што датычна за кім ісці ў момант канкрэтна палітычных пераменаў будзем глядзець па месцы.

Падчас сустрэчы прысутныя маглі набыць кнігі Міколы Дзядка “Фарбы паралельнага свету” і “Праўда без кампрамісаў” а таксама разнастайны турэмны беларускі шакалад, які ён назапасіў за кратамі.

racyja.com