
Расейскія войскі зноў правялі камбінаваную атаку супраць Украіны з выкарыстаньнем баявых дронаў і балістычных ракет.
Пад расейскімі ударамі апынуліся ня толькі франтавыя, але і тылавыя ўкраінскія рэгіёны. З канца 2025 году галоўная цэль расейскіх вайскоўцаў — энэргетычны сэктар на ўсёй тэрыторыі краіны.
Пасьля абстрэлу ў ноч на 20 студзеня і раніцай некалькі ўкраінскіх гарадоў зноў засталіся безь сьвятла. Мароз у розных рэгіёнах краіны сягае ад мінус 14 да мінус 20 градусаў.
У Кіеве амаль шэсьць тысяч дамоў засталіся без цяпла
Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што ў выніку начной расейскай атакі безь цяпла засталіся 5 635 шматпавярховых дамоў. Зь іх 80 адсоткаў тых, у якіх ужо пасьпелі аднавіць забесьпячэньне цяплом пасьля ўдару 9 студзеня.
Левы бераг Кіева цалкам застаўся без вады і электраэнэргіі. Адзін чалавек паранены. У некалькіх дамах павыляталі шыбы, пашкоджаны будынак пачатковай школы.
Расейскія войскі апошнія 24 гадзіны не спыняюць абстрэлы Запарожжа і Херсону
Расейскія войскі наносяць удары па Запароскай вобласьці пры дапамозе артылерыі, авіяцыі і бесьпілётнікаў. Ад абстрэлаў апошнія 24 гадзіны цярпяць 39 населеных пунктаў. Без электраэнэргіі засталіся 197 спажыўцоў.
У Херсонскай вобласьці параненыя чатыры чалавекі. Расейскія войскі наносілі ўдары па сацыяльнай інфраструктуры. Пашкоджаныя шматпавярховікі і прыватныя будынкі, газаправод і адміністрацыйны будынак. Ад абстрэлаў цярпяць 28 населеных пунктаў, у тым ліку абласны цэнтар.
У Адэсе таксама пацярпела энэргетыка.
У Ровенскай вобласьці безь сьвятла больш за 10 тысяч спажыўцоў
Улады Ровенскай вобласьці паведамілі аб пашкоджаньні ўначы 20 студзеня аб’екту крытычнай інфраструктуры, у выніку чаго больш за 10 тысяч спажыўцоў засталіся без электраэнэргіі. У некалькіх жылых дамах павыбівала шыбы, пашкоджаныя прыпаркаваныя каля іх аўтамабілі. Загінулых і пацярпелых няма.
Безь сьвятла і цяпла — жыхары паўночных вобласьцяў Украіны
У Чарнігаўскай вобласьці расейскія войскі ўдарылі па аб’ектах энэргетыкі і сувязі. Расейцы атакавалі бесьпілётнікамі некалькі паўночных раёнаў вобласьці. Сталыя атакі перашкаджаюць рабоце энэргетыкаў, якія намагаюцца аднавіць забесьпячэньне энэргіяй. Улады вобласьці паведамілі аб надзвычай складанай сытуацыі ў энэргетыцы. Усяго за апошнія 24 гадзіны зафіксавалі 51 абстрэл.
У Сумскай вобласьці паветраная трывога працягвалася безь перапынку больш за 22 гадзіны. Расейскія войскі абстралялі 22 паселішчы. Улады пішуць, што пакуль ня маюць інфармацыі аб пацярпелых.
Ракеты ляцелі над тэрыторыяй Беларусі
Згодна з інфармацыяй украінскіх маніторынгавых каналаў, у ноч на 20 студзеня Расея атакавала прыблізна 14 энэргетычных аб’ектаў — трансфарматарныя падстанцыі, ЦЭЦ і ЦЭС. Для ўдару расейскія войскі выкарысталі прыблізна 300 бесьпілётнікаў і 24 ракеты, у тым ліку балістычныя.
Як вынікае з апублікаванай мапы абстрэлаў, ракеты, запушчаныя з вайсковай базы ў Клінцах Бранскай вобласьці Расеі і скіраваныя на Чарнігаўскую і Кіеўскую вобласьці, праляталі над тэрыторыяй Беларусі — праз Добрускі раён Гомельскай вобласьці.
