
Каардынацыйная Рада 20-га студзеня прыняла Палажэнне аб выбарах у Каардынацыйную Раду чарговага, чацвёртага склікання. Дакумент рэгламентуе парадак арганізацыі і правядзення выбараў, якія павінны адбыцца ў траўні 2026 года.
Як падкрэсліў спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан, прынятае Палажэнне ў сваёй аснове паўтарае раней узгодненую мадэль і не зведала істотных змен:
– Застаецца сістэма, якая была і раней, прапарцыйная сістэма, дзе людзі галасуюць за спісы, у аднаго выбаршчыка адзін голас, як і было, галасуецца на анлайн-платформе, засталіся гендэрныя квоты, 40% з выключэннямі на арганізацыі, якія не могуць аб’ектыўна выканаць умовы, але працяг галасавання ўжо будзе не тры дні – а тыдзень.
Разам з тым спікер Каардынацыйнай Рады падкрэсліў, што ключавым выклікам застаецца не столькі тэкст Палажэння, колькі давер да выбарчага працэсу і яго вынікаў.
– Калі мы зможам хаця б 10 тысяч галасоў сабраць, я буду лічыць гэта поспехам. У ідэале, канешне, каб гэта былі дзясяткі, сотні тысяч. Але шмат што будзе залежыць ад дзейнасці рэжыму, я ўпэўнены, што атакі, публічныя дыскрэдытацыі, спробы запужаць людзей, будуць.
Наступным этапам падрыхтоўкі выбараў стане фармаванне Выбарчай камісіі. Як удакладніў спікер Каардынацыйнай Рады, яна павінна быць сфармаваная не пазней за 10 лютага 2026 года, каб забяспечыць своечасовую і якасную падрыхтоўку галасавання, якое запланавана на 11–17 траўня 2026 года.
Тэкст палажэння пра выбары даступны тут.
