
Пакуль што расчараванне пакідаюць сітуацыі ў Венесуэле і Іране, калі разгядаць перспектывы зменаў у Беларусі.
Усё сведчыць пра тое, што дыктатарскія рэжымы трымаюцца доўга і не збіраюцца здавацца, — адзначыў кіраўнік Агенцтва Еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі:
– Абедзве гэтыя сітуацыі пакінулі расчараванне, менавіта з пункту гледжання дэмакратычных перспектыў для Беларусі. Бо Іран паказаў, што дыктатарскія рэжымы зараз яшчэ больш некантраляваныя, што яны не збіраюцца нейкім чынам улічваць меркаванні пратэстоўцаў. І вось гэты крывавы разгон, задушэнне пратэстаў у Іране, паказвае, што фактычна гэта ў нейкім сэнсе нармалізуе і паводзіны Лукашэнкі.
Калі казаць пра Венесуэлу, то так – Мадура выкрадзены, Мадура ў турме. Але ЗША адмовіліся ад таго каб мяняць рэжым у Венесуэле. Для іх важна зрабіць рэжым у Венесуэле паслухмяным. Гэта таксама нядобры сігнал для Беларусі. Не сказаць, каб Злучаныя Штаты збіраліся мяняць рэжым у Беларусі пасля 2020-га года, але вось такі настрой, гатовасць да супрацы з жорскім аўтарытарным рэжымам у Венесуэле – ён паказвае шкалу амбіцый заходніх краінаў датычна аўтакратый, дыктатур, яна пачынае быць такой больш стрыманай. І вось прыклад Венесуэлы ён паказвае, што Злучаныя Штаты гатовыя супрацаваць нават з такімі рэжымамі.
Беларускія дэмакратычныя сілы ў выгнанні якія высновы могуць зрабіць з сітуацый у Іране і Венесуэле? З чаго можна было б скарыстацца, а чаго не дапусціць?
Я думаю, што вельмі важна каб палітычныя струтуры дэмакратычнага руху ўсё ж такі карэктавалі свае ацэнкі сітуацыі, тое, што магчыма і што немагчыма з улікам новага кантэксту. Бо мы бачым, што іх падыходы, іх рыторыка, стратэгія фактычна застаюцца нязменнымі з 2020 года – гэта ціск, непрызнанне, ізаляцыя, санкцыі і гэтак далей. І гэта тое, што на сённяшні дзень не прынесла нейкіх сур’ёзных дывідэндаў. Таму ў сённяшніх умовах варта было б пераглядзець гэтыя падыходы на карысць таго, каб вырашаць тыя праблемы, якія перад намі ёсць, на практычным роўні. Гэта вызваленне палітвязняў, гэта спыненне рэпрэсій, гэта вяртанне людзей у краіну, гэта падвышэнне мабільнасці беларусаў, што таксама вельмі важна. І ў гэтым сэнсе я бачу, што за апошні час асабліва вельмі выразна выявілася разыходжанне ў падыходах Злучаных Штатаў, якія займаюць больш прагматычную пазіцыю па беларускай тэматыцы, па беларускіх праблемах і Еўрапейскага Звязу, які фактычна застаецца на пазіцыях, умоўна кажучы, каштоўнасных, ідэалістычных – што ўсё павінна вырашыцца за адзін дзень і па іх лекалах. Гэта не працуе, на жаль.
«І ў гэтым сэнсе страчваюцца важныя магчымасці для таго, каб вырашаць нашыя праблемы. Гэта можна мяняць, але важна, каб голас беларускай супольнасці гучаў выразна, настройліва і ўпэўнена. Бо мы не можам сябе дазволіць заставацца ў стане выгнання да канца жыцця,» – дадаў Валер Кавалеўскі.
