Пісьменніца Наталка Харытанюк запусціла відэаканал с урокамі ангельскай праз беларускую

«English з Наталкай» — гэта відэакурс ангельскай мовы для беларускамоўных вучняў паводле падручніка Лапіцкай.

«Гэта той самы патрэбны школьны матэрыял, але патлумачаны простымі словамі», — гаворыцца ў прадстаўленні новага беларускамоўнага адукацыйнага відэаканалу.

Што прапануе Наталка Харытанюк з камандай: «Новыя тэхнікі навучання і запамінання — яскравыя вобразы, мнематэхнікі, гульні і цікавыя заданні. Навучайцеся з намі і вы зможаце расказаць па-ангельску не толькі пра «лондан іс зэ кэпітал», але і пра беларускія лясы і вожыкаў з-пад возера Нарач, і нідзе не памыліцеся ані ў суфіксах, ані ў артыклях!»

І галоўнае: «Вы марылі вучыць ангельскую праз беларускую? Цяпер гэта магчыма!»

Пакуль беларускамоўная настаўніца ангельскай прапануе ўрок для 5 класа, 4-й чвэрці, якая неўзабаве пачнецца, «з прыцэлам — пераказаць беларускі школьны курс ангельскай нашым дзеткам (і дарослым!), сагрэць, так бы мовіць, замежную мову!»

Акрамя YouTube, сачыць за навінамі відэакурсу можна праз Instagram выкладчыцы. Дзе можна даведацца і пра персону настаўніцы: «Выкладаць ангельскую мову вам будзе сапраўдная казачніца — Наталка Харытанюк. Яна ведае безліч гісторый для дзяцей і дарослых. Некаторыя з іх пераўтварыліся ў сапраўдныя кнігі. Іх назбіралася ажно 4, сярод іх і дзіцячыя, і дарослыя. Але апроч таго Наталка ўжо 15 год навучае ангельскай мове. Дзе-толькі яна не выкладала ангельскую: і ў Беларускім Дзяржаўным Універсітэце, і на курсах у школе замежных моў Streamline, давала прыватныя ўрокі дома і дыстанцыйна, і нават трошку вяла свой блог».

Наталка Харытанюк скончыла факультэт замежных моў БрДУ, у 2007 годзе на філалагічным факультэце БДУ абараніла магістарскую дысертацыю па творчасці Джуліяна Барнза.

Лаўрэат прэміі «Дэбют» (2010) за кнігу апавяданняў «Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката», трапіла ў лонг-ліст Прэміі Ежы Гедройца за 2013 год.

budzma.org