
Выбары ў Каардынацыйную раду Беларусі чацвёртага складу запланаваныя на трэці тыдзень траўня 2026 года. Адназначна заяўляюць пра свой удзел у выбарах – «Каманда Латушкі і Рух «За свабоду». У трэцім складзе, які пакрысе завяршае сваю працу, – яны мелі найбольш сваіх прадстаўнікоў – 28 з 80-ці.
Лідар спісу Павел Латушка заклікае да галасавання, каб захаваць і развіваць прадстаўнічы орган беларускай дэмакратычнай супольнасці за мяжой.
– У нас адбудуцца ў траўні выбары. Давайце ісці на выбары. Давайце галасаваць. Калі хтосьці хоча прагаласаваць за каманду Латушкі, калі ласка, запрашаю. Вы бачыце, што мы робім. Калі не, то галасуйце за іншых. Кажу гэта адкрыта, мы будзем удзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду ў траўні 2026 года. Разумею, што будзе шмат пагрозаў, апошнім часам зноў пайшлі пагрозы аб выкраданні: кайданкі на рукі, вывезем у суд у Беларусі і г.д. Гэта будзе, будзе супрацьдзейнічаць спецслужба, але нам патрэбны гэты абраны орган.
Зараз фарміруецца выбарчая камісія, якая забяспечыць працэс. Актыўная фаза падрыхтоўкі выбарчай кампаніі зойме ад 6 да 8 месяцаў. Папярэднія выбары, нагадаем, адбыліся ў траўні 2024 года, тады сфарміраваўся бягучы трэці склад з 80 дэлегатаў.
