Марш памяці Жызнеўскага і ўсіх беларусаў, што загінулі за Украіну, прайшоў у Кіеве

Марш памяці Міхася Жызнеўскага і ўсіх беларусаў, што загінулі за Украіну, прайшоў у Кіеве ўвечары 26 студзеня 2026 года.

Пра маршрут акцыі распавяла беларуска Арына, суараганізатарка акцыі:

– Першай кропкай быў Міхайлаўскі сабор. Агулам марш прайшоў па тым жа маршруце, што адбываўся штогод. Мы ўзгадваем месцы, звязаныя з жыццём Жызнеўскага. Такім чынам, Міхайлаўскі сабор, дзе яго адпявалі, потым па Хрэшчаціку да мемарыялу ваярам на Майдане, і далей да помніка Жызнеўскаму на вуліцы Грушэўскага, дзе яго напаткала «беркутаўская» куля.

Міхась Жызнеўскі загінуў 22 студзеня 2014 года ў Кіеве падчас Еўрамайдану. 26-га студзеня 2026 года ему магло б споўніцца 38 гадоў. Марш памяці ў Кіеве, на якім цяпер прыгадваюць усіх беларусаў, што аддалі сваё жыццё за Украіну, традыцыйна праходзіць у дзень народзінаў Міхася Жызнеўскага. Сёлета асаблівасць марша ў тым, што ён праходзіў ва ўмовах блэкаўту.

Кажа Арына:

– Было вельмі халодна, цёмна і я вельмі ўсцешаная, што нягледзячы на кепскія абставіны жыцця ў Кіеве, апошнім часам у Кіеве з-за абстрэлаў перабоі з электрычнасцю, ацяпленнем, усё роўна людзі сабраліся і прайшлі маршам. Гэта самыя цяжкія ўмовы.

Па розных ацэнках з 2014 года па сённяшні дзень на баку Украіны загінула 70–80 беларусаў. Такая лічба сустракаецца ў медыя і інтэрв’ю прадстаўнікоў беларускіх добраахвотнікаў.

racyja.com