
Кандыдатуру старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі днямі павінны ўзгадніць у Каардынацыйнай радзе. Раней пасаду прадстаўніка ў справе аднаўлення законнасці і правапарадку Аб’яднанага пераходнага кабінету займаў былы сілавік Аляксандр Азараў. Як канкрэтна будзе называцца пасада Мікалая Казлова – пакуль невядома.
Палітык і грамадскі дзеяч Мікалай Казлоў нарадзіўся 5 студзеня 1967 года ў Валожыне, вырас у Нясвіжы. Скончыў Новасібірскае вышэйшае ваеннае агульнавайсковае вучылішча, служыў у Закаўказзі і Сярэдняй Азіі, удзельнічаў у міратворчай місіі падчас Карабахскага канфлікту.
Пасля распаду СССР вярнуўся ў Беларусь, працаваў у крымінальным вышуку. На працягу 17 гадоў займаў пасаду старшага оперупаўнаважанага па асабліва важных справах УУС Цэнтральнага раёну Менску, меў званне падпалкоўніка міліцыі запасу.
Згодна з дадзенымі праваабарончага цэнтру «Вясна», у 2008 годзе падчас парламенцкіх выбараў Казлоў публічна заявіў пра фальсіфікацыі на выбарчым участку, пасля чаго напісаў рапарт начальству і паведаміў пра інцыдэнт незалежным СМІ. Неўзабаве пасля гэтага ён пайшоў у запас.
У 2012 годзе Мікалай Казлоў уступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю, а ў 2016 годзе быў абраны намеснікам старшыні АГП. У 2021 годзе яго пазбавілі спецыяльнага звання падпалкоўніка міліцыі запасу.
Казлова двойчы асуджалі паводле палітычна матываваных спраў, ён быў прызнаны палітвязнем. У жніўні 2021 года ён атрымаў тры месяцы арышту, а ў лістападзе 2022-га – два з паловай гады пазбаўлення волі за нібыта ўдзел у «масавых беспарадках». Падчас зняволення неаднаразова змяшчаўся ў карцар і ПКТ, меў праблемы са здароўем, яго не адпусцілі на пахаванне маці.
На волю Мікалай Казлоў выйшаў 22 ліпеня 2024 года.
