
25 студзеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў першую сустрэчу са Святланай Ціханоўскай. Хто і як запланаваў іх размову? «Наша Ніва» распытала дарадцу Ціханоўскай Франака Вячорку.
Як расказаў Франак Вячорка, гаворка пра магчымую сустрэчу ўзнікла ўсяго за пару дзён да цырымоніі ўшанавання памяці Кастуся Каліноўскага ў Вільні, на якой, акрамя прымаючага боку на чале з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам, прысутнічаў прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі.
«Украінскі бок сам на нас выйшаў. Спачатку ішла размова толькі пра супольную прысутнасць на цырымоніі ў гонар гадавіны Паўстання 1863—1864 гадоў, потым пра прамову, было шмат перапіскі. А пасля вырашылі зрабіць асобна і двухбаковую сустрэчу. Ініцыятыва ішла ад прэзідэнта Украіны».
Франак Вячорка лічыць такі крок сігналам пра змену палітыкі ва Украіне па розных напрамках — і па ўнутраных, і па знешніх.
«У тым ліку мяняецца падыход да Беларусі і адносіны з дэмакратычнымі сіламі. Украіна апошнім часам праяўляе лідарства па Беларусі, Зяленскі пастаянна гаворыць пра Беларусь. Я думаю, гэта ў цэлым змена палітыкі на больш актыўную. Раней было больш ігнаравання, пазбягання тэмы. Зараз жа яны занялі праактыўную пазіцыю».
Змену насцярожанасці ў дачыненні да беларускай апазіцыі на дыялог аналітыкі звязваюць адразу з некалькімі прычынамі: прыход на месца кіраўніка Офісу прэзідэнта Кірыла Буданава замест Андрэя Ярмака, разуменне, што ад Лукашэнкі з тэрыторыі Беларусі пакуль не варта чакаць пагрозы, а таксама жаданне адабраць у яго бонусы «легітымнасці», якімі яго адорвае прадстаўніцтва ЗША.
Падчас размовы Уладзімір Зяленскі ў тым ліку запрасіў Святлану Ціханоўскую ў Кіеў.
«Мы ўжо абмяркоўваем даты прыезду з Офісам прэзідэнта Украіны, — пацвердзіў Франак Вячорка раэльнасць будучага візіту. — Рыхтуем два комплексы пытанняў і прапановаў. Стратэгічна-палітычныя — ініцыятывы па міжнароднай палітыцы, па стаўленні да рэжыму, па санкцыйнай палітыцы, па адказнасці за выкрадзеных украінскіх дзяцей. Таксама абмяркуем праблемы беларусаў ва Украіне, праблемы добраахвотнікаў і прапануем культурна-асветнае ўзаемадзеянне і інфармацыйную супрацу. У нас вельмі шмат тэмаў, і па многіх з іх мы ўжо пачалі дыялог».
Неўзабаве таксама мусіць быць прызначаны новы спецпрадстаўнік Украіны па Беларусі.
«Плануецца, што мостам у камунікацыі з нашага боку будзе Святлана Шаціліна з Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве, а з іх — спецпасланнік».
