
Фарыда Курбангалеева, былая калега беларускага журналіста Алега Ануфрыенкі, які раптоўна памёр у 2023 годзе, выказала меркаванне, што яго маглі атруціць. Калегі і сябры аспрэчваюць такую версію смерці мужчыны. Яны лічаць, што расійская апазіцыя бачыць атручэнні паўсюль.
35‑гадовы Алег Ануфрыенка працаваў прадзюсарам тэлевізійных выпускаў навін і шэф-рэдактарам інфармацыйных праграм канала «Настоящее время» ў Празе. Па словах знаёмых, ён быў абсалютна здаровым, рэгулярна правяраў здароўе і нічым не злоўжываў. Таму сітуацыя, калі журналісту на пустым месцы стала дрэнна, шмат у каго гэта выклікала пытанні.
«Боязі [наконт ненатуральнай прычыны смерці] былі ў асноўным ў расійскай часткі і «Радыё Свабода», і «Настоящего времени». Там пасля пачатку вайны сабралася шмат расійскіх зорак, якія цалкам сур’ёзна баяліся за сябе. Гэта мы, беларусы, прызвычаіліся лічыць «божа мой, каму мы нафіг патрэбныя»? У крайнім выпадку дадуць па галаве. А ў іх настроі былі іншыя», — расказала «Нашай Ніве» сяброўка Алега.
Менавіта па ініцыятыве калег з Расіі, акрамя звычайнай экспертызы і аналізаў на ўсе магчымыя хваробы, праводзілася і хімічная экспертыза.
Фарыда Курбангалеева распавяла, што ў яе межах на «Радыё Свабода» прыходзілі спецыялісты ў касцюмах хімічнай абароны, якія бралі аналізы з працоўнага месца Алега, мазкі, абследавалі яго камп’ютар і стол, за якім ён сядзеў.
Слядоў атручвання экспертыза не выявіла. Наконт гэтай версіі смерці ў тым ліку кансультаваліся са спецыялістамі нямецкай клінікі «Шарытэ» (менавіта там пасля атручвання лячылі расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага).
«Афіцыйны дыягназ у Алега — аўтаімунны менінгаэнцэфаліт. Аўтаімунныя хваробы сапраўды часам працякаюць не вельмі тыпова. Сімптаматыкі хваробы ў Алега раней нібыта не было, усё здарылася раптоўна, таму, канечне, усім было складана паверыць у тое, што гэта здарылася натуральным чынам. Што справакавала такі старт, калі фактычна пасля першага сімптому чалавек упадае ў кому? Ён страціў прытомнасць і больш ужо ў яе не прыйшоў. Таму легенды і міфы пра атручэнне, вядома, ёсць, і яны нікуды не дзяваюцца», — дзеліцца суразмоўца.
«Плюс у Алега была сапраўды добрая пасада, але не публічная ўсё ж. На канале былі больш зорныя калегі, большыя «ворагі».
Алег Ануфрыенка ў канцы 2010 года быў адлічаны з факультэта журналістыкі БДУ за тое, што зняўся ў агітацыйным роліку «Схавай бабулін пашпарт». На той момант ён працаваў на Белтэлерадыёкампаніі на канале «ЛАД». Пасля працаваў на Tut.by. З цягам часу пераехаў у Чэхію, працаваў на канале «Настоящее время».
