
У Варшаве адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай з Аляксандрам Фядутам. Аляксандр Фядута — беларускі літаратуразнаўца, палітолаг і публіцыст, які быў асуджаны паводле палітычна матываваных абвінавачанняў і правёў некалькі гадоў у зняволенні. На волю ён выйшаў пасля працяглага турэмнага тэрміну 13 снежня 2025 года.
Падчас сустрэчы абмяркоўвалі сітуацыю ў Беларусі — умовы ўтрымання ў турмах, ціск і рэпрэсіі, а таксама магчымасці падтрымкі палітвязняў і іх сем’яў. Асобную ўвагу надалі магчымым шляхам спынення рэпрэсіяў і вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.
Святлана Ціханоўская:
«Калі сустракаеш такіх людзей, як Аляксандр Фядута, яшчэ раз разумееш, колькі ў нас у Беларусі моцных і годных людзей. Я вельмі ўражаная тым, як ён захаваў яснасць думкі, не зламаўся, выстаяў пасля вельмі цяжкіх выпрабаванняў. Для мяне важна мець магчымасць размаўляць з такімі людзьмі, раіцца з імі, чуць іх досвед і погляд. Я вельмі радая, што ў Беларусі ёсць людзі, якія, нягледзячы ні на што, застаюцца вернымі сабе і сваёй краіне».
