
На Падляшшы працягваюцца прэзентацыі польскага перакладу кнігі «Перасяленцы ці ўцекачы? Пра беларусаў, пераселеных з Польшчы ў 1944-1948 гадах».
Чарговая прэзентацыя адбылася ў Падляшскай ваяводскай бібліятэцы.
Гаворыць аўтар прадмовы да кнігі – доктар гістарычных навук Яўген Мірановіч і іншыя ўдзельнікі прэзентацыі:
– Вялікая колькасць людзей была вымушаная выехаць з Беласточчыны ў сувязі з дзейнасцю падполля, якое тут дзейнічала, людзі былі вымушыны ўцякаць, каб ратаваць жыццё. Некаторыя ўцякалі на ўсход за мяжу да Савецкага Саюза, другія ўцякалі на захад Польшчы. Кожны па-своему ратаваў сваё жыццё.
– Некаторыя з’язджалі з беднасці, некаторыя з тэрору, некаторыя проста з думкамі пра тое, што недзе будзе лепш.
– Пытанне, якое стаіць у назве кнігі, яно цэлы час адкрытае: што гэта было? Бежанства ў час першай сусветнай вайны было класічнае. А тут афіцыйна аб’яўлена пра перасяленне, а так, насамрэч, для многіх гэта было таксама бежанства.
– Мне здавалася, што з маёй вёскі выехала 3 сям’і, пра якія я ведаў, бо яны затым прыязджалі ў Польшчу ў 60-70-х гадах. Але аказалася, што тых людзей выехала 30 сем’яў.
– З мясцовасці, з якой я паходжу, выехала толькі тры сям’і. Намаўлялі, але людзі не паддаваліся. Трагічная памяць, але наша. Трэба яе захоўваць.
Па прыблізных падліках да 40 000 тысяч беларусаў з Падляшша выехалі ў тыя пасляваенныя гады са сваіх дамоў, у асноўным у СССР. Ад агульнай колькасці на той час каля 200 000. У прадстаўленай кнізе апісаныя лёсы некаторых з такіх сем’яў, што жывуць у асноўным на Гарадзеншчыне.





