
Акцёр Ігар Сігоў распавёў, што сёння яго першы працоўны дзень у якасці кіроўцы аўтобуса. «Асвоіў яшчэ адно хобі. Чаму б і не. Польшча дае такія магчымасці, знайсці штосьці для душы», — кажа ён.
«Наша Ніва» распытала Сігова, чаму ён прамяняў працу ў таксі на аўтобусны маршрут.
Ігар Сігоў — заслужаны артыст Беларусі, акцёр тэатра і кіно. 20 гадоў працаваў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, у тым ліку дырэктарам. Працягнуў кар’еру ў Купалаўскім тэатры, адкуль сышоў на знак пратэсту ў 2020 годзе. У эміграцыі далучыўся да трупы «Вольныя Купалаўцы».
Прафесійныя перамены найперш звязаныя з пераездам у іншы горад.
«Мы пераехалі з Варшавы ў Гродзіск-Мазавецкі, гэта 40 кіламетраў ад сталіцы. Таму і прыйшлося шукаць новую працу. Аўтобусы мне цікавыя, дый не трэба будзе плаціць за арэнду машыны, за салярку, як з таксі».
Акцёр прайшоў трохмесячныя падрыхтоўчыя курсы — тэорыю на польскай мове здаў з першага разу, а вось з практыкай спатрэбілася чатыры заходы.
«То стрэсаваў, то нешта недзе не мог сказаць па-польску адразу. Таму пайшоў зараз яшчэ на моўныя курсы», — тлумачыць Сігоў.
Навучанне каштавала каля $2500, палову сумы заплаціла само прадпрыемства PKS, палову новаспечаны кіроўца павінен будзе адпрацаваць.
На першы час Ігару Сігову даверылі кіраваць невялікім аўтобусам з маршрутам №29. Графік — пяць дзён на тыдзень са зменамі з 4:00 да поўдня ці з 14:00 да 23.00.
«Мы, акцёры, канечне, любім паспаць, але буду прызвычайвацца да ранніх пад’ёмаў. У таксі яны таксама ёсць, калі ты хочаш зарабіць грошы», — расказвае ён.
Новага працадаўцу Ігар папярэдзіў, што па асноўнай спецыялізацыі ён акцёр, таму пры наяўнасці кіношных ці тэатральных праектаў прыйдзецца адпрошвацца і падмяняцца з калегамі. Папярэдне Сігоў, напрыклад, быў зацверджаны на ролю ў мастацкім фільме, здымкі якога запланаваныя на канец лета.
Акцёр не выключае, што ў будучыні ён выйдзе на аўтобусныя маршруты Варшавы.
«Якраз набяруся досведу, напрацую стаж. Хто яго ведае, як пойдзе. Але ўвогуле я б хацеў сесці за стырно міжнароднага аўтобуса Варшава — Мінск, каб мы ўсе паехалі на ім аднойчы ў свабодную Беларусь».
