Беларускія добраахвотнікі ва Украіне атрымаюць прававы статус

Фота: Генеральны штаб ВСУ

Камандзір узводу кіравання беспілотных сістэм у Збройных сілах Украіны Андрэй Кушняроў пракаментаваў прыняцце ва Украіне закона № 14052/П (у фінальнай рэдакцыі — Закон № 4730‑IX), які рэгулюе прававы статус замежнікаў і асоб без грамадзянства ва ўкраінскай арміі.

Паводле Кушнярова, пасля чацвёртага года вайны беларускія добраахвотнікі нарэшце атрымалі афіцыйнае прызнанне свайго статусу, што дае ім права на легалізацыю, медыцынскае забеспячэнне і сацыяльныя гарантыі:

–  Колі заканчваецца ўжо чацвёрты год вайны, нарэшце мы ўжо атрымліваем афіцыйны статус. Гэта, па-першае, дае магчымасць больш-менш атрымліваць дакумент на прабыванне або ВНЖ. Праз год службы можна падаваць прашэнне на атрыманне грамадзянства, хто гэтага хоча. Шмат у каго заканчваецца пашпарт. Ёсць надзея, што, магчыма, прыпыніцца блакаванне рахункаў у банках.

Закон падпісаны Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і ўступіць у сілу праз тры месяцы пасля афіцыйнай публікацыі, што азначае, што ўсе правы і гарантыі для замежных добраахвотнікаў стануць дзейнымі праз гэты тэрмін. Дакумент рэгулюе прававы статус, медыцынскае забеспячэнне і сацыяльныя гарантыі іншаземцаў і асоб без грамадзянства, якія служаць у ЗСУ і іншых вайсковых фармаваннях.

Фота: Вярхоўная Рада Украіны

racyja.com