
У пачатку тыдня беларусы Вільні адправілі аўтамабіль на патрэбы ЗСУ і гуманітарную дапамогу ва Украіну. Таксама яны сабралі сродкі на рамонт мікрааўтобуса для беларускіх ваяроў, які зараз знаходзіцца на ўкраінскай тэрыторыі.
На транспарт збіралі сродкі сябры беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”, а гуманітарную дапамогу сабралі валанцёрская арганізацыя “Дапамога” і “Наш дом”.
Паводле выконваючага абавязкі кіраўніка партыі “Народная грамада” Яўгена Вільскага, падтрымка Украіны і беларускіх ваяроў на фронце – гэта адна з прыярытэтных мэтаў партыі:
– Мы заўсёды працуем на гэтым накірунку, шмат сяброў нашай партыі ваявала ва Украіне і зараз знаходзяцца там. Шмат хто валанцёрыць, ёсць, якія туды ездзяць, ёсць, якія пастаянна там жывуць. Мы лічым, што падтрымка Украіна – адна з галоўных мэтаў для любой беларускай арганізацыі. Не ўсе з намі згодныя, але тым не менш мы пастаянна займаемся тым, што мы можам у нашых няпростых умовах.
Паводле Яўгена Вільскага, гэта ўжо шостая машына ад “Народнай грамады”на патрэбы вайскоўцаў. Але яны і надалей будуць падтрымліваць беларускіх ваяроў ва Украіне і ўвогуле ЗСУ.
