Света Бень і Галя Чыкіс адыгралі першы канцэрт вялікага гастрольнага тура. Паглядзіце, як гэта было

Гастрольны тур Светы Бень і Галі Чыкіс, прысвечаны выхаду іх першага сумеснага альбома «Приём!», распачаўся ў пятніцу, 17 сакавіка, у нямецкім гарадку Цайц, што на поўдні ад Ляйпцыга. Канцэрт праходзіў ва Upsala Garage — культурнай прасторы, якую стварылі з былога гаража артысты з піцерскага Upsala-Circus, частка каманды якога перабралася ў Цайц каля года таму.

Нягледзячы на тое, што Цайц — маленькі горад з насельніцтвам менш за 30 тысяч чалавек, палова з якіх старэйшыя за 50 гадоў, на канцэрт прыйшло больш за паўсотні людзей — беларусаў ды немцаў, дарослых і дзяцей. Быў нават адзін сабака.

Музыкі выканалі ўсе песні з альбома і некалькі іншых, з усім спектрам эмоцый, як кажуць самі аўтары, «ад безнадзейнага адчаю да адчайнай надзеі».

Перад некаторымі песнямі Света з дапамогай перакладчыцы тлумачыла, пра што будзе наступная кампазіцыя — хаця, канечне, наўрад ці гэтага было дастаткова, каб зразумець тыя ж «Чорныя бідоны», самую, напэўна, моцную песню альбома, нават ведання мовы будзе недастаткова — трэба, калі не быць беларусам, то, як мінімум, быць у беларускім кантэксце. Але ж выглядала, што гледачам, у тым ліку немцам, спадабалася нават без поўнага разумення сэнсу песень.

Канцэрт у Цайцы — першы ў туры (і ўвогуле другое жывое выкананне альбома, які выйшаў у мінулым снежні і быў упершыню прэзентаваны ў студзені ў Берліне, дзе зараз жывуць абедзве музыканткі). Наперадзе яшчэ адзін канцэрт у Германіі, у Мюнхене, пяць ў Польшчы, а таксама ў Рызе, Таліне, Празе, Тбілісі ды Батумі. За абвесткамі можна сачыць праз тэлеграм-бот «Будзьма разам».

Яўген Ерчак, budzma.org,
фота аўтара