Таямніца Гутэнбэрга. Казка для дарослых ад Яны Вольскай

Малюнак Лявона Вольскага

Якое дачыненне меў нямецкі перашадрукар Ёган Гутэнберг да Беларусі 2026 года? Пра гэта новая “Казка жыцця” ад Яны Вольскай.

Яна Вольская. Фота Дар’і Каляды

– Гэта надзвычайна, – агаломшана прамовіў цясляр Зацбах, паварочваючы твар да чалавека, які ў гэты момант выступіў з ценю ў куце майстэрні. У вачах чалавека блішчэлі вагеньчыкі.

– Але гэта наш самы вялікі і важны сакрэт, Конрад, – адгукнуўся чалавек, падыходзячы яшчэ бліжэй.

Ён паднёс твар зусім блізка да твару Конрада і праз імгненьне яны абодва засьмяяліся. Толькі што ў іх на вачах стары сьвет зьмяніўся, і з-пад рукі цесляра нараджалася новая гісторыя. Распалены мэтал ліўся ў драўляныя мяхі, і Конрад моцна трымаў іх, каб не апячы рукі.

– Гэта табе ня бульба ў мундырах, – весела заўважыў Зацбах.

Побач зь ім стаяў вялікі майстар Гутэнбэрг.

– Але, павер, і ў мундыраў, і ў каралеўскіх мантыяў, вой, які будзе інтарэс да гэтай вынаходкі, – прадбачліва адгукнуўся ён.

– Што ж нам рабіць?! – занепакоена азваўся Конрад. – Я чуў, як ўчора браты Дрыцаны паўтаралі між сабой “таемныя веды”, “чорная магія”. І наўрад ці яны мелі на ўвазе сваю заўчорашнюю папойку ў манастырскай кнайпе!

– Шпіндэль, плацен, пуансон, – выразна вымаўляючы кожнае слова, прагаварыў майстар.

– Калі б яны зараз нас чулі, дык дакладна б вырашылі, што гэта заклён, – схапіўся ад сьмеху за жывот Конрад.

– Падзялі прыладу на часткі, – сур’ёзна сказаў Гутэнбэрг. – Тады ніхто не здагадаецца пра яе сапраўднае прызначэньне. – І нікому не кажы пра тое, што экспэрымент удаўся.

– А ўсе ж перакананыя, што мы тут люстры вырабляем для паломнікаў у Ахэн, – аніяк не мог супакоіцца Конрад, зь якога скінулася напруга некалькіх месяцаў, пакуль яны з майстрам Ёганам падбіралі сплавы, вымяралі шырыню і даўжыню кожнай літары, кожнага знака, майстравалі мяхі і мэханізмы тае фантастычнае машыны, якая цяпер мусіць перамяніць жыцьцё кожнага чалавека ў іхнім горадзе. Ды што горадзе, можа, нават краіны!

– Што да люстраў, – таямніча азваўся майстар Ёган. – Падыдзі сюды і я пакажу табе адно зь іх.

Конрад падышоў і пабачыў плойму вагнутых люстраў, якія яны вырабілі некалькі месяцаў таму. Вырабілі, бо вернікі верылі, што ў люстры можна злавіць цудадзейныя промні абразоў падчас пілігрымкі. І вось іх камерцыйны праект цяпер валяецца ў майстэрні, бо пілігрымку скасавалі праз новую эпідэмію, якая ўварвалася ў краіну.

– Бачыш? – Ёган паказаў на адное люстра, якое прамянілася сьвятлом. – Гэта люстра будучыні.

Конрад ведаў, што майстар па-д’ябальску геніяльны, але ў гэты момант ён завагаўся, ці той не звар’яцеў. Ён з недаверам паглядзеў на люстра.

– Я бачыў у яго, што мы ўсё ж вынайдзем машыну! – жарсна сказаў Ёган. – Давай паглядзім разам, што нас чакае далей!

Яны павярнулі да сябе люстра і Конрад сапраўды ўгледзеў як праз амальгаму праступаюць дзіўныя выявы: ён пабачыў аркушы паперы з філіграннымі літарамі на іх, дасканалыя радкі, якія адзін за адным выскокваюць са станка.

– Што я табе казаў? – прашаптаў Ёган. – Бачыш?

Малюнкі мільганулі і перад імі паўстаў сярэднявечны Майнц і Кракаў, кнігі, дзясяткі, сотні, тысячы кнігаў.

– Ох і не спадабаецца гэта шляхцюкам, калі гэта праўда. – заўважыў Конрад. – Гэта ж кожная прачка ды кожны пекар будуць чытаць, як граф ды князь. Але ці праўда?

Ёган працягваў углядацца ў люстра:

– Рашэньнем КГБ ад 16.02.2026 № 4/41-30 прызнаць Гутэнбэрга эстрэмісцкім фармаваньнем і забараніць ягоную дзейнасць.

– Шпіндэль, плацен, пуансон! – прысьвіснуў Гутэнбэрг. – 2026 год?

Яна Вольская, Budzma.org