Палац Тышкевічаў у Валожыне стане музеем

Палац Тышкевічаў у Валожыне. Фота: Wikimedia Commons

У Валожыне палац Тышкевічаў плануюць пераўтварыць у краязнаўчы музей. Пра гэта паведаміла прэс-служба Мінскага аблвыканкама.

Пасля завяршэння рэканструкцыі ў будынку размесціцца мясцовы музей, які зараз працуе на іншай вуліцы горада. Таксама ў былой аранжарэі палаца плануюць адкрыць аддзел ЗАГС. 

Праект рэканструкцыі ўжо атрымаў падтрымку кіраўніцтва вобласці. Пасля адкрыцця абноўленага музея плануецца стварэнне новых экспазіцый, у тым ліку прысвечаных роду Тышкевічаў, які адыграў значную ролю ў гісторыі Валожына.

Палац графа Юзафа Тышкевіча быў пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя ў стылі класіцызму. Комплекс складаецца з некалькіх будынкаў, уключаючы галоўную сядзібу, афіцыну і аранжарэю, перабудаваную ў 1926 годзе. Будынак размешчаны на высокім беразе ракі Валожынкі.

Улады лічаць, што праект павінен садзейнічаць развіццю турызму і стаць часткай новага культурна-гістарычнага маршруту рэгіёна. Раней у палацы Тышкевічаў размяшчаліся розныя адміністрацыйныя ўстановы.

nashaniva.com