Нармалізацыя сілавых сцэнараў стварае рызыку, але аслабленьне Ірану выгадна Беларусі, — Кавалеўскі

Дым на Тэгеранам пасьля авіяўдараў, 6 сакавіка 2026 году

Кіраўнік Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі расказаў «Радыё Свабода» пра пэрспэктывы дыялёгу ўладаў Беларусі і ЗША, вызваленьня палітвязьняў і зьмяншэньня іранскага ўплыву на Беларусь

Як на Беларусь можа паўплываць новая вайна на Блізкім Усходзе

— Для Беларусі, як сярэдняй па памерах краіны, дзейснае міжнароднае права, нейкі сусьветны парадак — гэта гарантыя выжываньня як дзяржавы. Такія канфлікты падрываюць сусьветны парадак і пагражаюць вяртаньнем да сілавога разьвязаньня канфліктаў як ужо да дзейнай нормы. Таму, вядома ж, Беларусь, сярод іншых краін падобнага складу, будзе ўстрывожаная такім.

Тут ёсьць нэгатыўныя чыньнікі, якія могуць паўплываць на тое, як Расея глядзіць на Беларусь, як Расея глядзіць на рэгіён. Гэта ў прынцыпе нармалізуе сілавы варыянт вырашэньня канфліктаў, і ў гэтым сэнсе Расея становіцца яшчэ менш аўтсайдэрам ці парушальнікам міжнародных норм.

Трэба таксама разумець, і мы сёньня гэта бачым ужо, што канфлікт прывёў да скачка цэн на нафту. Гэта адзін з важных эканамічных фактараў для Расеі. Яна можа стаць больш упэўненай, напорыстай, агрэсіўнай, можа атрымаць пэўныя новыя рэсурсы для вядзеньня вайны супраць Украіны. Таксама гэта можа і падсілкаваць яе геапалітычныя амбіцыі, якія будуць закранаць і Беларусь.

Ці працягнецца дыялёг з ЗША і вызваленьне палітвязьняў

— Лукашэнка спрабуе не чапляць Злучаныя Штаты, абыходзіць фактар удзелу ЗША ў апэрацыі, а больш скіроўвае ўвагу на Ізраіль. Мы бачым, што і Злучаныя Штаты праз [спэцпрадстаўніка прэзыдэнта ЗША] Джона Коўла паказваюць, што яны намераныя далей працягваць дыялёг па вызваленьню палітычных вязьняў у Беларусі. Гэта дае надзею на тое, што праца працягнецца і людзі будуць выходзіць.

Літаральна тыдзень таму наша кааліцыя за вызваленьне палітвязьняў была ў Вашынгтоне, былі сустрэчы ў Дзярждэпартамэнце. І тады гэтыя запэўненыя гучалі вельмі ўпэўнена — што праца будзе працягнутая.

Я тут падкрэсьліваю, што Злучаныя Штаты гэты перамоўны працэс пачалі менавіта па гуманітарнай праблематыцы. Яны не закранаюць тэму двухбаковых адносінаў з Расеяй, яны не закранаюць пытаньні геапалітыкі, пытаньні бясьпекі. І менавіта гэта зьяўляецца гарантыяй, страхоўкай. Таму ў нейкім сэнсе гэты працэс абаронены ад падобных стрэсаў, ад падобных рызыкаў.

Думаю, што гэта вельмі разумная палітыка і з боку Менску, і з боку Вашынгтону, трымаць фокус у гэтай размове менавіта на гуманітарных пытаньнях. Нягледзячы на некаторыя папярэднія стрэсы, крызісныя сытуацыі, якія існавалі ў Беларусі за гэты год, працэс працягваўся, ён набірае абароты і ёсьць спадзяваньне, што ён будзе прыводзіць да новых вынікаў.

Ці можна лічыць, што любыя санкцыі падрываюць патэнцыял беларускай ваеннай прамысловасьці і таму іх нельга здымаць

— Наша кааліцыя выступае за тое, каб выкарыстоўваць санкцыі, якія не зьвязаныя з вайной, каб вызваляць людзей, каб працаваць над спыненьнем рэпрэсій. Думаю, што гэтая пазыцыя будзе заставацца пасьлядоўнай, і мы будзем настойваць на тым, што ваенныя санкцыі павінны ня толькі захоўвацца, але і ўзмацняцца да таго часу, пакуль вайна працягваецца.

Тое, што Злучаныя Штаты атакуюць Іран і вельмі аслабляюць Іран не толькі ў пляне абароны, але таксама і іх геапалітычных амбіцый і сувязяў зь Беларусьсю, насамрэч будзе спрыяць Беларусі.

За апошнія пяць з паловай гадоў выхад заходнеэўрапейскіх краін і Злучаных Штатаў зь Беларусі стварыў вельмі шмат прасторы, каб там працавала ня толькі Расея, але таксама і Кітай, і Іран. І мы бачым, што за гэтыя некалькі гадоў Іран моцна пашырыў сваю прысутнасьць, уцягвае Беларусь у гэтае супрацоўніцтва, якое, вядома ж, абсалютна нявыгаднае для нацыянальных інтарэсаў Беларусі, як незалежнай, сувэрэннай, дэмакратычнай дзяржавы.

Гэтыя падзеі прымусяць Іран зьменшыць сваю прысутнасьць, зьнізіць гэтую інтэнсіўнасьць супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі, таму гэта можна толькі вітаць. Гэта адзін з плюсоў, які можа атрымацца з гэтай сытуацыі.

0:00 Ці памяняе вайна на Блізкім Ўсходзе пляны Лукашэнкі. Валер Кавалеўскі
3:04 Ці працягнуццца перамовы з ЗША і вызваленьне палітвязьняў. Валер Кавалеўскі
5:55 Як вайна ўплывае на беларускую эканоміку і капітал Лукашэнкі. Андрэй Махоўскі
17:32 Супрацоўніцтва Беларусі з Іранам у вайсковай сфэры. Уладзімер Жыгар
24:40 Пэрспэктывы новай партыі Бабарыкі. Валер Кавалеўскі, Віталь Цыганкоў
36:06 Ці засталіся ў беларусаў магчымасьці эвакуацыі з краіны. Зьміцер Ягораў
39:30 Знойдзены невядомы асобнік кнігі Скарыны. Аляксандар Паршанкоў
45:04 Дзьмітры Гурневіч гутарыць з зоркамі беларускага Youtube Прусам і Сямёнавым. Фрагмэнт праграмы «Канапа»

svaboda.org