Цапкала кажа, што абмеркаваў у ЗША крокі, калі праваляцца намаганні Трампа па вызваленні беларускіх палітвязняў

Фота з тэлеграм-канала Валера Цапкалы

Экс-прэтэндэнт у прэзідэнты ў аўторак сустрэўся з часовым прэзідэнтам Сената ЗША і старшынёй юрыдычнага камітэта Сената Чакам Граслі. 

«У дзяржаўнай іерархіі Злучаных Штатаў ён займае чацвёртае месца», — напісаў Цапкала ў сваім тэлеграм-канале.

«Мы праінфармавалі сенатара пра намаганні, якія робяць Дональд Трамп, Джон Коўл і Крыстафер Сміт у пытанні вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі, а таксама пра гуманітарныя намаганні нефармальнага клуба нобелеўскіх лаўрэатаў, якія падтрымліваюць нас у пытаннях глабальнага парадку дня — ад пераадолення лічбавай няроўнасці да пасляваеннага аднаўлення Сірыі і Газы, і, вядома, у пытаннях вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі. Мы выказалі ўдзячнасць амерыканскаму боку за намаганні, якія ўжо прывялі да вызвалення значнай групы палітычных зняволеных», — напісаў ён.

«Асобна мы спыніліся на абмеркаванні канкрэтных крокаў, якія амерыканскія заканадаўцы маглі б зрабіць у выпадку правалу намаганняў прэзідэнта Трампа па вызваленні палітычных зняволеных і закрыцці крымінальных спраў», — дадаў Валер Цапкала.

Учора стала вядома, што на наступным тыдні Мінск зноў наведае Джон Коўл. Папярэднія разы — 11 верасня і 13 снежня — у выніку яго візіту ў Беларусь вызваляліся вялікія групы палітвязняў (51 і 123 чалавекі адпаведна). 21 чэрвеня былі вызваленыя 14 чалавек. 

Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі выказаў меркаванне «Белсату», што гэтым разам мае быць самая вялікая група.

«Я маю такую інсайдарскую інфармацыю, што гэта будзе вялікая даволі група, магчыма, разы ў два большыя, чым мінулым разам у снежні. То-бок, гаворка ідзе пра дзве з лішнім сотні людзей як мінімум. Але тысяча гэта нерэальна, хаця мэта такая ставіцца», — сказаў Класкоўскі.

Цапкала ў свой час казаў, што рэгулярна сазвоньваецца з Коўлам у справе вызвалення палітвязняў.

«Коўл неяк патэлефанаваў мне і цікавіўся, ці інфармуем мы нобелеўскіх лаўрэатаў пра ўсе намаганні. Натуральна, мы адразу праінфармавалі іх, сабралі рэакцыю, яны падзякавалі Трампу за гэтыя намаганні. Яны папрасілі яго працягваць намаганні, каб усе палітвязні былі вызваленыя», — казаў ён у снежні.

Паводле слоў Цапкалы, падчас чарговага званка Джон Коўл, недзе ў лістападзе 2025 года, паведаміў яму, што ў найбліжэйшы час — «на наступным тыдні ці праз тыдзень» — на волю можа выйсці яшчэ тысяча беларускіх палітвязняў. Цапкала сцвярджае, што накіраваў гэтую інфармацыю ў МЗС некалькіх краін

Коўл абверг кантакты з Цапкалам.

Яму задалі ў сацсетцы X пытанне: «Паважаны спадар Коўл, ці можаце вы пацвердзіць ці абвергнуць інфармацыю, што спадар Валерый Цапкала даваў вам парады і аказваў дапамогу ў справе вызвалення палітычных зняволеных?»

У адказ на гэта ён напісаў: «Не, ён гэтага не рабіў. Гэта было зроблена мной, прэзідэнтам Трампам, Крысам Смітам і выдатнай камандай ва ўрадзе ЗША».

nashaniva.com