
У Каардынацыйную раду пачаўся прыём заявак ад выбарчых суб’ектаў, якія хочуць узяць удзел у выбарах новага склікання. Рэгістрацыя трывае з 10 да 31 сакавіка.
Пра пачатак прыёму паведамляецца ў афіцыйным тэлеграм-канале Каардынацыйнае рады. Як адзначаецца, у выбарах могуць браць удзел палітычныя партыі, устаноўчыя камітэты партыяў, арганізацыі грамадзянскай супольнасці, фракцыі дзейнага складу Каардынацыйнай рады, іх кааліцыі, а таксама групы грамадзянаў, якія аб’ядналіся для ўдзелу ў выбарчай кампаніі.
Выбарчая камісія будзе рэгістраваць толькі тых удзельнікаў, якія адпавядаюць шэрагу патрабаванняў. У прыватнасці, выбарчы суб’ект павінен мець уласную назву і палітычную праграму на тэрмін, не меншы за перыяд паўнамоцтваў новага складу Рады.
Акрамя таго, неабходна падаць спіс як мінімум з дзесяці кандыдатаў у дэлегаты і забяспечыць гендарную квоту – не менш за 40 % асобаў прадстаўленага полу ад агульнай колькасці чальцоў спісу. Кандыдаты таксама павінны падпісаць згоду з палажэннямі мемарандуму аб правілах удзелу ў выбарчай кампаніі.
Усе дакументы, якія рэгулююць працэс выбараў, можна знайсці ў адмысловым раздзеле на сайце Каардынацыйнае рады.
Галасаванне на выбарах у новы склад Каардынацыйнай рады плануецца правесці 11–17 траўня.
