У Рыме кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская правяла перамовы ў Палацца Кіджы з прэм’ер-міністаркай Італіі Джорджай Мелоні.

Ціханоўская распавяла пра працэс вызвалення палітвязняў, супрацоўніцтва з адміністрацыяй прэзідэнта ЗША і ЕС у гэтым пытанні. Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл адзначыла неабходнасць падтрымкі для рэпрэсаваных і асабліва тых, хто выйшаў з турмаў, паведамляе яе прэс-служба.
Ціханоўская распавяла пра працу Міжнароднага гуманітарнага фонду і беларускіх праваабарончых ініцыятываў, якія дапамагаюць рэпрэсаваным і іх сем’ям, і заклікала Італію далучыцца.
Ціханоўская і Мелоні таксама абмеркавалі ваенна-палітычную сітуацыю і ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў падтрымцы расійскай агрэсіі супраць Украіны. Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл заклікала працягваць дапамогу Украіне і распавяла пра супрацоўніцтва з Кіевам і пра вынікі апошняй сустрэчы з прэзідэнтам Зяленскім.
– Гэта была шчырая і змястоўная размова. Прэм’ер-міністарка Мелоні падтрымлівае беларускі народ і нашую працу дзеля дэмакратычных пераменаў… У нас шмат планаў, і гэты візіт у Рым адкрые новыя магчымасці для супрацы з Італіяй, — адзначыла Святлана Ціханоўская.

9 сакавіка ў Рыме яна таксама сустрэлася з прэзідэнтам Італіі Серджа Матарэлам, міністрам замежных справаў Антоніа Таяні, спікерам парламента Ларэнца Фантана і групай сяброў дэмакратычнай Беларусі.
